Белорусский портал в Казахстане

Для гасцей чэмпіянату свету па хакеі на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі працуе інфармацыйны цэнтр



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Беларускай чыгункі.

Цэнтр размешчаны ў зале чакання канкорса і гатовы аказаць усебаковую інфармацыйную падтрымку гасцям ЧС. За інфармацыйнай стойкай кругласутачна знаходзяцца прадстаўнікі БЧ, валанцёр, які валодае замежнай мовай, і супрацоўнік дыспетчарскай службы таксі.

У дзённы час у працы інфацэнтра таксама задзейнічаны супрацоўнікі "Мінгардаведкі", упраўлення па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама, службы па здачы ў арэнду аўтамабіляў. У такім складзе інфацэнтр будзе працаваць да канца чэмпіянату. Такім чынам, тут не толькі акажуць паслугі даведкі, але і дапамогуць выклікаць таксі, арандаваць аўтамабіль, пры неабходнасці дадуць тлумачэнні па пытаннях знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку іх рэгістрацыі.

Акрамя гэтага, на вакзале працуюць 16 валанцёраў-студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Арганізавана іх кругласутачная пазменная праца — па чатыры чалавекі ў змену.

На сталічным вакзале і на прыпыначных пунктах Лошыца і Масюкоўшчына таксама працуюць інфармацыйныя групы, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі Мінскага аддзялення БЧ і пярвічных арганізацый ГА "БРСМ". У складзе інфармацыйных груп на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі задзейнічаны 32 чалавекі. Арганізаваны іх кругласутачная пазменная праца.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 траўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-411/16/25987
Текущая дата: 23.12.2024