Белорусский портал в Казахстане

Больш як 1 тыс. удзельнікаў падалі заяўкі на конкурс па стварэнні талісмана Еўрагульняў-2019



Аб гэтым паведаміў 14 лістапада дырэктар фонду "Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Георгій Катулін на прэзентацыі лепшых работ конкурсу.

"Моладзь Беларусі адгукнулася на заклік паўдзельнічаць у конкурсе талісманаў. Ведаю, што прынялі ўдзел цэлыя калектывы студый выяўленчага мастацтва, гурткоў, школ. Мы атрымалі больш за тысячу заявак", - расказаў дырэктар фонду.

Георгій Катулін адзначыў высокі ўзровень прадстаўленых работ.

"Журы конкурсу чакае вялікая работа. Многія з работ - сапраўдныя творы мастацтваў. У кожным з малюнкаў відаць любоў да роднай краіны", - падкрэсліў ён.

На пляцоўцы "Валанцёр - душа спорту" прадстаўнікі валанцёрскага руху БРСМ "Добрае Сэрца" запоўнілі анкету-заяўку кандыдатаў для ўдзелу ў Еўрагульнях-2019 у якасці валанцёраў.

Таксама сёння прадстаўнікі нацыянальнай беларускай дэлегацыі на ХІХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы прэзентавалі "Кнігу добрых пажаданняў" беларускім спартсменам да Еўрагульняў-2019.

Прэзентацыя лепшых работ удзельнікаў конкурсу на распрацоўку талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў-2019 прайшла сёння ў Мінску па ініцыятыве БРСМ у Рэспубліканскім доме моладзі.

Наведвальнікі выстаўкі-прэзентацыі прынялі ўдзел у сімвалічным галасаванні за лепшыя творчыя прапановы, якія паступілі на конкурс.

Галасаванне ніяк не паўплывае на вынікі конкурсу, але стане стымулам для тых, хто яшчэ толькі плануе накіраваць заяўку для ўдзелу ў праекце.

Апошні дзень прыёму работ - 15 лістапада.

Афіцыйнымі арганізатарамі конкурсу з`яўляюцца Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, Міністэрства інфармацыі, фонд "Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года", Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія.

14 лістапада 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/1/41090
Текущая дата: 29.03.2024