Новыя месцы адпачынку, веласіпедныя і пешаходныя маршруты з’явяцца на Аўгустоўскім канале. Аб гэтым 9-га чэрвеня паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.
Перспектывы развіцця турыстычнага патэнцыялу канала сёння абмяркоўвалі на працоўнай нарадзе ў старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Плануецца, што на самім канале і ў яго ваколіцах, напрыклад, непадалёк ад сядзібна-паркавага комплексу ў вёсцы Радзівілкі, з’явяцца новыя месцы адпачынку для турыстаў.
«Папулярнасць Аўгустоўскага канала як месца для адпачынку расце. Пастаянна ўдасканальваецца інфраструктура, ствараюцца ўмовы для турыстаў. Зараз у раёне канала даступна больш за 10 турыстычных маршрутаў — веласіпедных, пешаходных і водных. Плануем зрабіць яшчэ некалькі новых», — адзначыла Таццяна Лідзяева. Пешаходны маршрут з’явіцца ў ваколіцах вёскі Нямнова, а да мемарыяла воінам-пагранічнікам у вёсцы Доргунь зробяць веломаршрут. Расчысцяць падыходы да некаторых дотаў часоў вайны, размешчаным у лясах у раёне канала.
Падабраць маршрут дапамогуць у абноўленым турысцка-інфармацыйным цэнтры ў пасёлку Сапоцкін. Тут знаходзіцца пункт пракату і сэрвісу ровараў. Узяць напракат веласіпед можна таксама ў раёне шлюза Дамброўка і вёскі Нямнова. Усяго турыстам даступна больш за 100 ровараў, у тым ліку дзіцячыя, жаночыя і электравеласіпеды.
Рэжым працы пунктаў пракату і сэрвісу, кантакты аграсядзібаў, іншую неабходную турыстам інфармацыю можна знайсці на партале Аўгустоўскага канала.
Звязда, 9 чэрвеня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/101/54019
Текущая дата: 28.12.2024