Белорусский портал в Казахстане

Польшча і Данія закрываюць свае граніцы для замежнікаў



Польшча і Данія ў пятніцу, 13 сакавіка, заявілі пра закрыццё сваіх межаў для ўезду замежнікаў.

Як абвясціў прэм`ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі, пачынаючы з 15 сакавіка, замежнікам будзе забаронены ўезд у краіну, а палякі, якія вяртаюцца на радзіму, павінны будуць правесці два тыдні ў карантыне. Гэтая мера, па словах польскага прэм`ера, пакуль уводзіцца на 10 дзён, паведамляе агенцтва навінаў AFP.

Данія закрывае свае межы ў суботу, 14 сакавіка, з 12 гадзін. Усім замежнікам і турыстам, якія не маюць "важкай прычыны" для паездкі ў Данію, будзе адмоўлена ва ўездзе, адзначыла кіраўнік урада Даніі Мэтэ Фрэдэрыксен. Забарона пакуль будзе дзейнічаць да 13 красавіка.

Улады Даніі ўсведамляюць, што закрыццё межаў прывядзе да негатыўных наступстваў для бізнесу і для жыхароў Даніі, але сітуацыя паказвае, што такія рашэнні апраўданыя, адзначыла Фрэдэрыксен. "Мы бачым, як сітуацыя ў Італіі стала катастрафічнай. Усё, што мы робім, накіравана на тое, каб мы справіліся з гэтай сітуацыяй па-іншаму", - сказала яна.

Датчане, якія знаходзяцца за мяжой, змогуць бесперашкодна вярнуцца дадому. Таксама ў краіну ўсё яшчэ дазволены ўвоз прадуктаў і лекаў.

Міністэрства замежных спраў Даніі раней рэкамендавала грамадзянам краіны не выязджаць за яе межы без неабходнасці. "Вы не павінны выязджаць, калі ў гэтым няма крайняй неабходнасці. Калі вы ўжо знаходзіцеся за мяжой, вы павінны вярнуцца як мага раней", - заявіў кіраўнік МЗС Даніі Епэ Кафод.

Нагадаем, раней пра аналагічныя крокі па закрыцці межаў паведамілі органы ўлады шэрагу дзяржаў, у прыватнасці Чэхіі, Славакіі і Украіны.

Звязда, 14 сакавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/106/52026
Текущая дата: 08.11.2024