У грэцкім Лутракі завяршылася першынство Еўропы па барацьбе сярод юнакоў і дзяўчат не старэйшых за 15 гадоў з удзелам беларускіх спартсменаў.
Юныя беларускія барцы заваявалі на турніры адну залатую і шэсць бронзавых узнагарод. Шэсць з сямі медалёў нашай камандзе прынеслі дзяўчаты. Чэмпіёнкай Еўропы ў вагавой катэгорыі да 58 кг стала Паліна Брагінец, якая ў фінальнай сустрэчы была мацнейшай за расіянку Камелію Хаваеву. На трэцюю прыступку п’едэстала падняліся Анастасія Бялуга (да 42 кг), Васіліса Верамейчык (да 50 кг), Марыя Хрушчова (да 54 кг), Кацярына Гульнік і Дар’я Свістунова (абедзве — да 62 кг). Акрамя таго, у спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе бронзу ў вазе да 62 кг выйграў беларус Кірыл Васько.
На наступным тыдні ў сталіцы Азербайджана Баку пройдзе чэмпіянат Еўропы па барацьбе сярод спартсменаў да 23 гадоў. Першымі прызёраў вызначаць прадстаўнікі грэка-рымскага стылю, якія разыграюць медалі 21 і 22 траўня. У чацвер і пятніцу на дыван выйдуць дзяўчаты, а 25 і 26 траўня праграму кантынентальнага форуму завершаць барцы вольнага стылю.
Звязда, 19 траўня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/11/74173
Текущая дата: 06.11.2024