У Лазане адбылося закрыццё III зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульняў, паведамілі ў прэс-службе НАК Беларусі.
Цырымонія пачалася з вітання і падзякі валанцёрам Гульняў. Удзельнікі праведзеных стартаў поўнасцю запоўнілі невялікую плошчу. У цесным асяроддзі юных атлетаў апынуўся прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах. Разам з іншымі ўдзельнікамі кіраўнік МАК стаў сведкам параду сцягоў. Як паведамлялася, сцяганосцам зборнай Беларусі выступіў лыжнік Глеб Шакель.
Да ўдзельнікаў зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульняў са словамі ўдзячнасці звярнуліся старшыня аргкамітэта Віржыні Феўр і Томас Бах.
"Вы, юныя атлеты - лепшыя паслы алімпійскага духу і атмасферы! На працягу гэтых двух тыдняў вам удалося ўвайсці ў вялізную спартыўную сям`ю. Заставайцеся верныя алімпійскім ідэалам і далей, на працягу ўсёй сваёй кар`еры", - сказаў прэзідэнт МАК, звяртаючыся да ўдзельнікаў.
Томас Бах перадаў алімпійскі сцяг атлетам з Рэспублікі Карэя, дзе ў 2024 годзе пройдуць наступныя галоўныя старты чатырохгоддзя для юных спартсменаў. Па традыцыі быў пагашаны і агонь Алімпійскіх гульняў. Завяршылася цырымонія канцэртам вядомага спевака і кампазітара Басціяна Бейкера. На III зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Лазане ў актыве беларускіх атлетаў дзве ўзнагароды. У хакеі 3х3 золата выйграў Ілья Корзун, а ў біятлоне бронза на рахунку Юліі Кавалеўскай.
Першае месца ў неафіцыйным медальным заліку заняла каманда Расіі: 10 залатых, 11 срэбных і 8 бронзавых медалёў; другое месца ў Швейцарыі: 10 залатых, 6 срэбных і 8 бронзавых; трэцімі сталі атлеты Японіі: 9 залатых, 7 срэбных і 1 бронзавая ўзнагароды.
IV юнацкія зімовыя Алімпійскія гульні ў 2024 годзе пройдуць у Пхёнчхане і Каныне (Рэспубліка Карэя). Рашэнне прынята ў студзені 2020 года на 135-й сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта ў Лазане.
23 студзеня 2020, Мінск
БЕЛТА
23 студзеня 2020, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/110/51447
Текущая дата: 09.11.2024