Белорусский портал в Казахстане

У Мінску адкрыліся II Еўрапейскія гульні



Старт спаборніцтвам афіцыйна даў Аляксандр Лукашэнка. "Сёння мы запалім Полымя міру — сімвал Еўрапейскіх гульняў, гісторыя якіх яшчэ толькі пачынаецца, і мы рады, што Беларусі выпаў гонар стаяць ля вытокаў стварэння гэтага грандыёзнага праекта", — заявіў афіцыйны лідар.

На мінскім стадыёне "Дынама" ў ноч на 22 чэрвеня ўрачыста адкрылі II Еўрапейскія гульні

"Мы шчаслівыя магчымасці пазнаёміць вас, нашых гасцей, з сапраўднай Беларуссю — прыгожай, гасціннай і ўтульнай. Вы пераканаецеся, што тут жывуць самыя шчырыя і добрыя людзі, што наша прыязнасць не проста ветлівасць, а рыса характару, натуральны стан нашай душы. Вы ўбачыце , што талерантнасць і адносіны, пабудаваныя на ўзаемным даверы і павазе, — гэта спосаб жыцця беларусаў", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшыя дзесяць дзён усе акунуцца ў незвычайную атмасферу, убачаць захапляльную барацьбу за медалі і пуцёўкі на Алімпійскія гульні, стануць сведкамі "неверагодных дасягненняў" і нараджэння "новых зорак сусветнага спорту". Як лічыць Лукашэнка, удзельнічаць ад сваёй краіны ў гэтых гульнях — "вялікі гонар і найвышэйшая адказнасць", а перамога стане "нацыянальным здабыткам", асабісты рэкорд — "прадметам гонару ўсяго народа".

Беларускі кіраўнік выказаў персанальную падзяку расійскаму кампазітару Ігару Крутому і яго камандзе за тое, што "яны рызыкнулі на такое дзейства і стварылі яго" (маецца на ўвазе цырымонія адкрыцця).

Лукашэнка заклікаў "на карысць чалавецтва" перанесці "ўсе сучасныя палітычныя баталіі на спартыўныя пляцоўкі". "Давайце толькі так, праз спорт, змагацца за тытул самай магутнай дзяржавы", — сказаў ён.

На стадыёне было паказанае відэапрывітанне ўдзельнікам спаборніцтваў генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша. Перад прысутнымі на беларускай і англійскай мовах выступіў прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч.

На адкрыццё Еўрапейскіх гульняў прыбылі прэзідэнты Малдовы Ігар Дадон і Сербіі Аляксандр Вучыч, прэм`ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў. Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі перапыніла візіт з-за складанага ўнутрыпалітычнага становішча ў краіне. Яна сустрэлася з Лукашэнкам і вярнулася ў Тбілісі. Азербайджан замест прэзідэнта Ільхама Аліева прадстаўлялі яго жонка і першы віцэ-прэзідэнт Мехрыбан Аліева і спікер парламента Актай Асадаў.

Прычына адмены візіту Аліева невядомая — яе не змаглі назваць ні ў МЗС, ні ў пасольстве Азербайджана ў Мінску. Магчыма, гэта звязанае з маштабнымі кадравымі перастаноўкамі, якія напярэдадні зрабіў прэзідэнт у сілавым блоку.

На працягу 10 дзён прыблізна 4 тыс. спартсменаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў медалёў у 15 відах. Змаганні ў васьмі відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. Спаборніцтвы па бадмінтоне, боксе і дзюдо будуць мець статус чэмпіянатаў Еўропы.

У адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 30 мая 2019 года № 201 беларускія спартсмены, якія займуць на Еўрапейскіх гульнях першыя месцы, атрымаюць прэмію ў 400 базавых велічыняў (10.200 рублёў, або 4.978 долараў ЗША ў пераліку па цяперашнім курсе Нацбанка), другія месцы — 250 базавых велічынь (6.375 рублёў, або 3.111 долараў), трэція — 160 базавых велічынь (4.080 рублёў, або 1.991 долар). Гэта адпаведна ў 30, 24 і 25 разоў менш за прэміяльныя за прызавыя месцы на Алімпійскіх гульнях (150, 75 і 50 тыс. долараў).

У фан-зоне Еўрапейскіх гульняў каля сталічнага Палаца спорту ўвечары 21 чэрвеня былі затрыманыя тры актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі "Народная Грамада", якія праводзілі пікет супраць інтэграцыі з РФ. Яны трымалі плакаты з надпісамі: "Адчапіцеся ад нас са сваёй інтэграцыяй", "Пуцін! Вырашай сваю праблему без нас", "Да пабачэння, наш ласкавы Міша". Іх вывезлі за горад і адпусцілі, паведаміў старшыня аргкамітэта партыі Мікалай Статкевіч.

20 мая Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб мерах бяспекі ў перыяд правядзення II Еўрапейскіх гульняў 2019 года". Гэты дакумент у ліку іншага даў праваахоўным органам магчымасць блакаваць сайты з заклікамі да "масавых беспарадкаў, удзелу ў масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца з парушэннем заканадаўства, ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці, іншых дзеянняў, здольных дэзарганізаваць правядзенне Еўрапейскіх гульняў".

Правядзенне маштабных спартыўных мерапрыемстваў патрабуе асаблівых правілаў бяспекі, але канстытуцыйныя правы грамадзян не павінны абмяжоўвацца, заявіў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, каментуючы ўказ.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 22 чэрвеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/134/48557
Текущая дата: 28.12.2024