Заўзятары з інваліднасьцю змогуць купіць квіткі на Эўрапейскія гульні ў Менску за 10 адсоткаў ад цаны.
Аматары спорту, абмежаваныя ў магчымасьцях перасоўваньня, змогуць набыць квіткі на спаборніцтвы ІІ Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Менску 21–30 чэрвеня, усяго за 10% цаны наміналу, — паведаміла Алена Сацюк, супрацоўніца дырэкцыі ІІ Эўрапейскіх гульняў 2019 году.
Яна расказала, што на кожнай спартовай арэне, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы, вызначалі спэцыяльныя месцы для людзей з інваліднасьцю. Усіх такіх заўзятараў падзеляць на тры катэгорыі, і кожная будзе мець свае месцы:
* для людзей на інвалідных вазках і асобаў, якія іх суправаджаюць,
для тых, хто дрэнна бачыць (іхныя месцы будуць найбліжэй да арэны спаборніцтваў),
* для людзей з аслабленым апорна-рухальным апаратам — іх разьмесьцяць паблізу ад праходаў на трыбунах.
Усяго для такіх асобаў дырэкцыя падрыхтавала 3 тысячы квіткоў. Для таго, каб купіць такі квіток, трэба прад’явіць пасьведчаньне інваліда.
Такія магчымасьці прадугледжаныя для грамадзян Беларусі і іншаземцаў. Для іх па папярэдняй заяўцы квіткі будуць прадавацца ў касах каля спартовых аб’ектаў.
Таксама на кожным аб’екце будуць працаваць валянтэры, якія дапамогуць прайсьці на месца і пакінуць яго. Для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі ў барах спартовых аб’ектаў паставяць нізкія сталы, каб людзям на вазках было зручна.
Як лічыць дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі, дырэкцыя ІІ Эўрапейскіх спартыўных гульняў зрабіла ўсё магчымае, каб такія людзі адчувалі сябе камфортна. Самае складанае пытаньне — гэта тое, як змогуць даехаць да спартовага аб’екта тыя, хто вырашыць скарыстацца грамадзкім транспартам.
«Тут Міністэрству транспарту Беларусі і Менскаму гарвыканкаму яшчэ ёсьць над чым папрацаваць», — заявіў Драздоўскі.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
* Другія Эўрапейскія гульні пройдуць у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
* З квітком на гульні можна будзе бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
* На Эўрапейскія гульні ў Менск чакаюць 30 тысяч замежных турыстаў. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
* 72 мільёны даляраў будзе каштаваць турнір бюджэту Беларусі.
* Падчас гульняў у Беларусі будуць працаваць супрацоўнікі МУС Расеі.
Уладзімер Глод
Уладзімер Глод
Радыё Свабода, 19 сакавіка 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/140/47291
Текущая дата: 15.11.2024