Белорусский портал в Казахстане

Беларуска Вольга Мазуронак стала пераможцай марафону ў Ганконгу



Беларуская спартсменка Вольга Мазуронак стала пераможцай марафону, які прайшоў 17 лютага ў Ганконгу, паведамляе Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі (БФЛА).

Беларуска, якая з`яўляецца рэкардсменкай краіны і чэмпіёнкай Еўропы, стала пераможцай марафону ў Ганконгу з новым рэкордам гэтых спаборніцтваў — 42-кіламетровую дыстанцыю спартсменка пераадолела з вынікам 2:26:13.

Найбліжэйшых канкурэнтак Еунсі Кебічы Чумбу з Бахрэйна беларуска апярэдзіла на 3 хвіліны і 48 секунд, а эфіопку Джэмілу Вартэсу Шур — на 5 хвілін 53 секунды.

Папярэдні рэкорд трасы ў мінулым годзе ўстанавіла Гулуме Толеса з Эфіопіі (02:29:37), а да Вольгі Мазуронак перамагчы на марафоне ў Ганконгу еўрапейскім спартсменкам удавалася ў далёкім 2004-м, калі на дыстанцыі першай была нарвежская бягуння Гітэ Карлсшой.

Для Мазуронак марафон у Ганконгу стаў першым стартам пасля перамогі на чэмпіянаце Еўропы ў Берліне.

"Гэта мой першы марафон пасля пераможнага Берліна, — падзялілася Мазуронак уражаннямі ад перамогі. — У мяне было дастаткова часу, каб добра падрыхтавацца. Усё было так задумана, без спеху. Я правяла два прадуктыўныя доўгія зборы ў Кеніі і Паўднёвай Афрыцы, таму форма мая была вельмі добрай. Калі хтосьці не сутыкаўся з марафонамі і не бегаў іх, то скажу, што ў Ганконгу адна з самых складаных трас. На працягу ўсіх 42 кіламетраў прыходзілася бегчы то ўверх у гару, то ўніз з яе. Таксама адно з цяжкіх на гэтай трасе — пастаянны вецер і барацьба з ім".

Беларуска задаволеная сваім выступленнем: "Я першая спартсменка, якая прабегла па залатым стандарце — выбегла з 2:28. Ранейшы рэкорд быў устаноўлены ў мінулым годзе — 02:29:40. Упэўненая, што калі б я бегла па іншай трасе, то змагла б устанавіць свой асабісты рэкорд. Я абрала менавіта гэты марафон для таго, каб добра падрыхтавацца да чэмпіянату свету ў Катары. Вельмі хачу, думаю, што так і будзе, каб пік маёй формы падышоў менавіта да Дохі. Лічу, што мой сённяшні вынік і на такім маршруце дастаткова добры".

БелаПАН
Мінск, 17 лютага 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/146/46883
Текущая дата: 26.12.2024