Белорусский портал в Казахстане

Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі перамагла ў XV Калядным турніры



Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі перамагла ў XV Калядным міжнародным турніры аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі.

Для каманд Беларусі і Расіі гэта быў ужо 13-ы вырашальны матч за 15 гадоў правядзення турніру. Хакейныя паядынкі гэтых дзвюх каманд заўсёды выклікалі павышаную цікавасць у гледачоў.

Не стала выключэннем і сённяшняя гульня. На старце першага перыяду беларусы двойчы паразілі вароты сапернікаў. Абаронцы расіян не ўсачылі за Яраславам Чупрысам, а праз некалькі секунд з перадачы Аляксандра Лукашэнкі перавагу ў ліку павялічыў Даніэль Корса - 2:0. Трэцюю шайбу гаспадары пляцоўкі закінулі пад канец першых дваццаці мінут гульні. Аляксандр Лукашэнка ад правага борта кінуў па варотах, а на пятачку шайбу, што адскочыла, падправіў у сетку першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч.

Кіраўнік дзяржавы запісаў у свой актыў восьмую выніковую перадачу за час спаборніцтваў. У другім перыядзе гаспадары пляцоўкі нарасцілі перавагу да чатырох шайбаў.

Расійская каманда адказала галявым дублем Сяргея Аракаева - 4:2. Аднак у канцоўцы беларусы яшчэ тройчы паразілі вароты гасцей.

Сёмую шайбу ў матчы ў вароты расіян закінуў пад канец перыяду Аляксандр Лукашэнка - 7:3. У заключныя дваццаць мінут гульні каманда Прэзідэнта Беларусі пастаралася ўпэўнена згуляць у абароне і дабілася дванаццатай перамогі ў фінале Каляднага турніру з лікам 8:5 (3:0, 4:3, 1:2)

Абедзве каманды ўпэўнена выступілі на папярэдняй стадыі спаборніцтваў. Лядовая дружына кіраўніка дзяржавы ў групе перамагла сапернікаў з Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) - 13:7, Балтыі - 9:3.

У паўфінале беларусы былі мацнейшыя за каманду ААЭ - 10:5. Расійская каманда таксама атрымала тры перамогі: над Швейцарыяй - 9:0, Славакіяй - 4:1 - і ў 1/2 фіналу перамагла Фінляндыю - 5:2. Бронзавымі прызёрамі Каляднага турніру сталі хакеісты Фінляндыі, якія ў матчы за трэцяе месца адолелі каманду Аб`яднаных Арабскіх Эміратаў - 6:3.

Для хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі гэта ўжо 12-ы тытул пераможцы гэтых спаборніцтваў. Раней беларусы станавіліся першымі ў 2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014, 2016, 2017 і 2018 гадах.

Расійская каманда дзясяты раз заваявала срэбныя ўзнагароды, а яшчэ тройчы святкавала поспех на турніры ў 2007, 2011 і 2015 гадах.

Арганізатарамі спаборніцтваў з`яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, асацыяцыя "Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь", Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

7 студзеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/147/46425
Текущая дата: 15.11.2024