Белорусский портал в Казахстане

Матчы плэй-оф экстралігі і КХЛ пачнуцца з хвіліны маўчання ў памяць аб Кальцове



Матчы плей-оф беларускай хакейнай экстралігі і вышэйшай лігі 19 і 20 сакавіка пачнуцца з хвіліны маўчання ў памяць аб Канстанціне Кальцове, паведамілі ў прэс-службе ФХБ.

Сёння з хвіліны маўчання пачнецца матч чвэрцьфінальнай серыі Кубка Прэзідэнта паміж «Гомелем» і «Нёманам», а таксама паядынак «Юніёра» і «Дынама-Алімпік» у паўфінале вышэйшай лігі. Заўтра памяць Канстанціна Кальцова ўшануюць перад сустрэчай «Брэста» і «Віцебска» у плэй-оф экстралігі, а таксама перад гульнёй Беларусі-U18 і «Ястрабаў» у вышэйшай лізе.

Апроч таго, прэс-служба Кантынентальнай хакейнай лігі паведаміла, што 19 сакавіка два матчы другога раўнда Кубка Гагарына таксама пачнуцца з хвіліны маўчання. У аўторак чарговыя паядынкі ў серыях правядуць магнітагорскі «Металург» і маскоўскі «Спартак», а таксама пецярбургскі СКА і екацярынбургскі «Аўтамабіліст».

Вядомы беларускі хакеіст і трэнер Канстанцін Кальцоў пайшоў з жыцця на 43-м годзе жыцця. У бытнасць гульцом Кальцоў выступаў за «Юнацтва», мінскае «Дынама», «Поўначсталь», «Ак Барс», «Спартак», «Атлант», «Салават Юлаеў» і клуб НХЛ «Пітсбург Пінгвінз». Завяршыўшы гульнявую кар’еру, Кальцоў працаваў трэнерам у «Брэсце», «Дынама-Маладзечне», «Спартаку» і «Салаваце Юлаеве», а таксама кіраваў нацыянальнай зборнай Беларусі.

Звязда, 19 сакавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/15/73193
Текущая дата: 06.11.2024