Белорусский портал в Казахстане

Польшча гатова садзейнічаць спрашчэнню ўезду беларускіх грамадзян у ЕС



Аб гэтым 7 снежня заявіла намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Рэната Шчэнх па выніках пасяджэння ў Мінску беларуска-польскай міжурадавай камісіі па справах трансгранічнага супрацоўніцтва.

Польшча гатова садзейнічаць спрашчэнню ўезду беларускіх грамадзян на тэрыторыю Еўрасаюза. 

Паводле слоў прадстаўніка польскага боку, паглыбленне адносін паміж Беларуссю і Польшчай прынясе чарговыя вельмі важныя праекты па развіцці пагранічнай інфраструктуры. Гэта таксама павялічыць эканамічны і турыстычны патэнцыял прыгранічных рэгіёнаў.

Рэната Шчэнх выказала словы ўдзячнасці за лібералізацыю і спрашчэнне беларускім бокам візавага рэжыму.

"Мы - урад Польшчы - са свайго боку дэкларуем гатоўнасць да такога ж спрашчэння для ўезду грамадзян на тэрыторыю Еўрапейскага саюза", - сказала яна.

У сваю чаргу намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шэстакоў заявіў, што на праведзеным пасяджэнні беларускі бок чарговы раз апеляваў да падтрымкі Варшавай пазіцыі ў перагаворах з Бруселем па пытанні хутчэйшага заключэння пагаднення аб спрашчэнні візавых фармальнасцей і рэадмісіі.

"Са свайго боку мы на працягу апошніх гадоў паслядоўна спрашчаем парадак уезду на сваю тэрыторыю для грамадзян больш як 80 краін, уключаючы краіны Еўрасаюза і, зразумела, Польшчу", - сказаў ён. Прадстаўнік беларускага боку нагадаў, што сёння палякі могуць без віз наведваць Беларусь тэрмінам да 30 дзён, прыбываючы ў Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.

"На наш погляд, гэта недыскрымінацыйная мера дазваляе ўсім грамадзянам Польшчы, а не толькі жыхарам прыгранічных тэрыторый наведваць Беларусь. Акрамя таго, пасля ўступлення ў сілу пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расійскай Федэрацыяй, падпісанне якога намечана на бліжэйшую перспектыву, будзе вырашана праблема транзіту ў Расію грамадзян трэціх краін, уключаючы грамадзян Польшчы, праз тэрыторыю Беларусі наземным транспартам", - адзначыў намеснік міністра.

Беларускі бок разглядае механізм спецыяльнай міжурадавай камісіі ў якасці аднаго з ключавых у справе забеспячэння пастаяннага дыялогу экспертаў дзвюх краін для каардынацыі дзеянняў па пытаннях развіцця прыгранічных рэгіёнаў Беларусі і Польшчы, нармальнага функцыянавання сумеснай дзяржаўнай граніцы, якая з`яўляецца таксама граніцай Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, прадухілення надзвычайных здарэнняў, а таксама фарміравання пояса добрасуседства і ўкладу ў забеспячэнне рэгіянальнай стабільнасці ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У стадыі падрыхтоўкі да падпісання ў Беларусі і Польшчы знаходзяцца каля дзесяці дагавораў трансгранічнай тэматыкі.

"Мы будзем імкнуцца да таго, каб забяспечыць іх уступленне ў сілу ў бліжэйшы час, - сказаў намеснік міністра. - Гэта дасць магчымасць стварыць трывалую юрыдычную аснову для мадэрнізацыі пагранічнай інфраструктуры - а такім чынам, для паляпшэння гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага клімату ў прыгранічных раёнах, павышэння транзітнага патэнцыялу нашых краін".

Беларускім бокам абазначана зацікаўленасць у прыцягненні сродкаў з еўрапейскіх фондаў для рэалізацыі перспектыўных праектаў, а таксама па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча - Украіна - Беларусь 2014-2020".

Вынікам пасяджэння міжурадавай камісіі стаў падпісаны пратакол, які будзе праграмным дакументам на бліжэйшы год. Ён прадугледжвае рэалізацыю канкрэтных мерапрыемстваў па забеспячэнні функцыянавання дзяржаўнай граніцы і яе інфраструктуры, прыняцце міжнародна-прававых актаў, якія рэгулююць у тым ліку дзейнасць пунктаў пропуску, сумесныя дзеянні, накіраваныя на папярэджанне і ліквідацыю надзвычайных сітуацый, а таксама актывізацыю дзейнасці прыгранічных рэгіёнаў Беларусі і Польшчы.

7 снежня 2018, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/153/45918
Текущая дата: 25.12.2024