З праблемай сутыкнуўся яшчэ адзін беларускі пілот - Аляксей Вішнеўскі - аднак МАЗы па-ранейшаму застаюцца ў пяцёрцы лепшых.
Экіпаж лідара каманды "МАЗ-СПОРТаўта" вярнуў другое месца ў заліку грузавікоў па выніках трэцяга этапу ралі "Амуль-Хазар", якое праходзіць у Туркменістане, паведаміла прэс-служба беларускай каманды.
Лідарам у грузавым заліку па-ранейшаму з`яўляецца Айрат Мардзееў з "КАМАЗ-МАЙСТАР", які перамог на трэцім этапе. Другім фінішаваў МАЗ Вязовіча, аднак беларусы страцілі дзесяць хвілін з-за праколу кола. Выніковае адставанне ад Мардзеева складае 11 хвілін.
На трэцім месцы знаходзіцца экіпаж Дзмітрыя Сотнікава на Камазе, чацвёрты радок займае каміён Аляксея Вішнеўскага, у якога падчас этапу здарылася паломка.
"Прыкладна на 70-м кіламетры ў нас зламаўся вал стабілізатара - прыйшлося спыніцца, адкруціць і падвязаць цыліндр, так і ехалі да фінішу", - распавёў гоншчык.
Пятае месца - у МАЗа Аляксандра Васілеўскага. Пілот, каментуючы праходжанне этапу, распавёў, што на саланчаках, на якіх было шмат камянёў, збаўляў хуткасць, каб не пашкодзіць машыну.
Ралі Turkmen Desert Race паміж гарадамі Амуль і Хазар праходзіць з 11 па 15 верасня. Экіпажы ў суботу завершаць 1600-кіламетровы маршрут.
Мінск, 14 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/159/44941
Текущая дата: 26.12.2024