Белорусский портал в Казахстане

Возера Нарач увайшло ў топ-5 лепшых курортаў СНД



Возера Нарач увайшло ў топ-5 лепшых курортаў СНД, паведамляе сайт расійскага аналітычнага агенцтва "ТурСтат", якое склала рэйтынг курортаў СНД, папулярных для адпачынку летам 2018 года.

Самыя папулярныя курорты краін СНД на моры і на возеры — гэта курорты Казахстана, Кыргызстана, Беларусі, Азербайджана і Арменіі.

Рэйтынг прадстаўлены па выніках аналізу наведвальнасці курортаў расійскімі турыстамі.

Першае па папулярнасці месца займае курорт Бурабай (Баравое) у Казахстане, на другім месцы возера Ісык-Куль у Кыргызстане. Возера Нарач у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці замыкае тройку лідараў. Далей ідуць пляжы Більгя горада Баку на ўзбярэжжы Каспійскага мора ў Азербайджане і возера Севан у Арменіі.

На курорты СНД расійскія турысты прыязджаюць летам на адзін-два тыдні. У суткі адпачывальнікі трацяць ад 50 да 100 долараў. Танней за ўсё адпачываць на Ісык-Кулі (50 долараў), даражэй — на курортах Баку на Каспійскім моры (100 долараў).

На курорты СНД турысты з Расіі прыязджаюць у асноўным з Масквы, Падмаскоўя, Санкт-Пецярбурга, Паўднёвага Урала і Сібіры.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 7 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/168/43724
Текущая дата: 16.11.2024