Дзякуючы залатому алімпійскаму медалю Ганны Гуськовай, зборная Беларусі ўзнялася на 12-ю пазіцыю ў агульнакамандным заліку.
Шанцы прасунуцца вышэй, вядома, яшчэ ёсць. У пятніцу беларускія спартсмены акрамя фрыстайла, выступілі ў спаборніцтвах па горных лыжах, канькабежным спорце і лыжных гонках.
Марына Зуева заняла 7-е месца на дыстанцыі 5000 м, вынік беларускі — 7 хвілін 04,41 секунды. Нагадаем, да гэтага Марына была 11-й на дыстанцыі 3000 м і атрымала дыскваліфікацыю на 1500 м. Марыя Шканава ў слаламе стала 28-й, а Юрый Данілачкін у супергіганце здолеў падняцца толькі на 42-і радок выніковага пратакола.
Згодна са спаборніцкай праграмай лыжных гонак, у пятніцу ў Пхёнчхане адбылася мужчынская індывідуальная гонка з раздзельнага старту на 15 км. Найлепшым з беларусаў стаў Міхаіл Сямёнаў — 40-е месца, Юрый Астапенка размясціўся на 55-й пазіцыі ў выніковым пратаколе, Аляксандр Воранаў — на 73-й.
На выхадных беларускім балельшчыкам варта зноў звярнуць сваю ўвагу на біятлон і фрыстайл, дзе ў нашых спартсменаў захоўваюцца шанцы на заваяванне ўзнагарод. 17-га лютага ў лыжных акрабатаў пройдзе кваліфікацыя (пачатак у 14.00), дзе выступяць Антон Кушнір, Станіслаў Гладчанка і Максім Гусцік. У нядзелю, спадзяёмся, з удзелам беларусаў адбудзецца фінал, ён пачнецца таксама ў 14.00.
Апошнія індывідуальныя гонкі на Алімпіядзе-2018 пройдуць у біятланістаў, на дыстанцыю з масавым стартам выйдуць дзяўчаты, гэта права заваявалі — Дар`я Домрачава, Надзея Скардзіна і Ірына Крыўко. Заўтра такі ж від праграмы адбудзецца ў мужчын.
Сёння на гарналыжную трасу выйдзе Марыя Шканава (супергігант), заўтра — Юрый Данілачкін (гіганцкі слалам). Праграму лыжных гонак у нядзелю працягнуць эстафеты 4х10.
Аўтар: Дар`я Лабажэвіч
Звязда, 17 лютага 2018
Звязда, 17 лютага 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/177/42586
Текущая дата: 16.11.2024