Белорусский портал в Казахстане

Поспехі на "Дакары" дапамагаюць Мінскаму аўтазаводу ў прасоўванні на замежных рынках



Пра гэта заявіў генеральны дырэктар ААТ "МАЗ" Дзмітрый Кацярыніч 25 студзеня ў нацыянальным аэрапорце Мінск, дзе сустракалі гоншчыкаў каманды Мінскага аўтазавода з ралі-рэйду "Дакар".

Беларускія гоншчыкі на "Дакары-2018" упершыню ў гісторыі сваіх выступленняў у гэтым прэстыжным міжнародным ралі-рэйдзе занялі другое месца. Экіпажы прывезлі з сабой трох "бедуінаў" — знакамітыя статуэткі, якія атрымліваюць прызёры аўтамарафона.

"Поспехі на "Дакары" дазваляюць павысіць вядомасць Беларусі і дапамагаюць прадпрыемству на замежных рынках, што мы ўжо назіраем у продажах. Так, МАЗ дадаў больш за 30% у рэалізацыі тэхнікі", — адзначыў Кацярыніч.
Акрамя таго, ралі-рэйды выступаюць яшчэ і тэставым палігонам: новаўвядзенні, якія добра адпрацавалі сябе на марафоне, атрымліваюць прымяненне ў серыйнай вытворчасці.

"Мы ішлі да гэтага сем гадоў, — адзначыў кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч.— Апошнія гады мы адчувалі ў сабе сілы ўзысці на п`едэстал, навязваючы барацьбу лідарам гонак, але заўсёды чагосьці не хапала. У гэты раз усё склалася паспяхова: мы ехалі ўпэўнена нават на пяшчаных участках з выдмамі, якія раней не лічылі кароннымі для сябе. Пры гэтым МАЗаўскай тэхніка не давала збояў — ехала ўпэўнена там, дзе іншыя буксавалі". 

Усе тры беларускія экіпажы дабраліся да фінішу. "МАЗ" Сяргея Вязовіча фінішаваў другім, а экіпажы Аляксандра Васілеўскага і Аляксея Вішнеўскага занялі 13-е і 14-е месцы адпаведна.

Варта таксама заначыць, што "МАЗ-СПОРТаўта" аказалася адзінай камандай, якой удалося захаваць усе свае экіпажы да канца гонкі. Усе астатнія хоць бы адзін экіпаж, але страцілі. 

Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтамабільны завод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. Марафон сёлета прайшоў па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць маршруту склала каля 9 тыс. км, з іх хуткасных участкаў — прыкладна 3,5 тыс. км.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 25 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/179/42278
Текущая дата: 16.11.2024