Белорусский портал в Казахстане

Беларускія барцы заваявалі чатыры медалі на міжнародным Кубку Івана Ярыгіна



У Краснаярску завяршыўся міжнародны турнір па вольнай барацьбе — Кубак Івана Ярыгіна, удзел у якім бралі беларускія атлеты.

У заключны дзень спаборніцтваў спартсмены разыгралі сем камплектаў узнагарод: чатыры ў мужчын і тры ў жанчын. Першае і адзінае золата турніру нашай краіне прынёс Магамедхабіб Кадзімагамедаў, які выступае ў вагавой катэгорыі да 74 кг. Напярэдадні прадстаўнік Беларусі выбіў з барацьбы Алпа Бегенджава з Туркменістана, расіян Роберта Дзукаева, Магама Дыбіргаджыева і Цімура Біжоева, а ў сённяшнім фінале разабраўся з яшчэ адным расійскім атлетам Давідам Баевым.

Таксама ў нядзелю за перамогу на Кубку Ярыгіна ў катэгорыі да 68 кг змагалася наша Аліна Шаўчук. Шлях да вырашальнай схваткі беларуска прарабіла ўчора, адолеўшы Соф’ю Салтымакаву і Анастасію Парахіну з Расіі. Шлях да золата Аліне заступіла яшчэ адна расіянка Ханум Веліева — у выніку Шаўчук здавольвалася срэбрам. Апошнюю ўзнагароду спаборніцтваў для Беларусі заваяваў Аляксандр Гуштын (да 97 кг). 27 студзеня наш спартсмен пасля трох перамог на старце турніру ў паўфінале прайграў Шамілю Мусаеву з Расіі, але сёння ў баі за бронзу быў мацнейшы за яго суайчынніка Тамерлана Кацаева.

Такім чынам, з Краснаярска беларуская дэлегацыя павязе чатыры ўзнагароды (1-2-1). Раней уладальніцай срэбра ў вагавой катэгорыі да 62 кг стала Крысціна Сазыкіна. Усяго на Кубку Івана Ярыгіна 2024 года па вольнай і жаночай барацьбе выступалі барцы з 24 дзяржаў, нашу краіну прадставілі 22 атлеты (13 мужчын і 9 жанчын).

У агульнай складанасці спартсмены вызначылі наймацнейшых у дваццаці вагавых катэгорыях.

Звязда, 28 студзеня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/19/72322
Текущая дата: 06.11.2024