Што цягне чалавека ў горы, чаму такія прыгоды можна назваць "недарагімі" і колькі ў свеце нескароных вяршыняў, пра гэта распавёў майстар спорту міжнароднага класа па альпінізме, заваёўнік Эверэста і многіх іншых пікаў, "снежны барс" Віктар Лутаў.
"Снежнымі барсамі" за савецкім часам называлі заваёўнікаў пяці самых высокіх вяршыняў СССР вышынёй больш за 7 тысяч метраў — пікаў Перамогі, Леніна, Хан-Тэнгры, Каржанеўскай і піка Камунізму. Прычым да такіх узыходжанняў дапускалі не ўсіх, папярэдне трэба было праявіць сябе і дасягнуць вынікаў на "малых вяршынях". Тым, хто падымаўся на самыя высокія пікі, прысвойвалі званне "снежнага барса".
Але ў той жа час усе вышэйшыя кропкі планеты прайсці немагчыма, іх папросту вельмі шмат, хоць далёка не кожная шырока вядомая, кажа суразмоўца.
"Мы рабілі вельмі шмат класных узыходжанняў і на Паміры, і ў Цянь-Шане, на Каўказе і шмат дзе ў Гімалаях. Я ў апошні час захапіўся рэгіёнам Індыі, там ёсць Гарвальскія Гімалаі з вельмі цікавымі маршрутамі і адносна даступнымі. Можна сказаць, забытыя вяршыні, пра якія практычна не гавораць", — распавядае Лутаў.
Па словах суразмоўцы, гэтыя рэгіёны альпіністы наведваюць вельмі рэдка, прыязджаюць адна-дзве экспедыцыі ў год, прычым у сам раён, а не на пэўную вяршыню. У той жа час знакаміты Эверэст вышынёй каля 9 тысяч метраў хоць і мае разгорнутую інфраструктуру для ўзыходжання, але патрабуе сур`ёзнай падрыхтоўкі.
"Але Эверэст усе ведаюць, а ёсць Чо-Ойю, і пра яе ніхто не чуў, хоць гэтая выдатная вяршыня знаходзіцца побач. І мы на яе рабілі ўзыходжанне ў 2004 годзе. Але яна знаходзіцца ў Тыбеце, у Кітаі. Выдатная гара для ўзыходжання і дзівосныя віды", — распавядае Лутаў.
Такіх вяршыняў вельмі шмат, адных 8-тысячнікаў у свеце 14 — частка ў Пакістане, частка ў Непале і Кітаі. Ёсць забытыя і бясконца цікавыя маршруты ў Індыі, Кыргызстане, Таджыкістане, дзе размешчаны "зорныя" альпінісцкія маршруты савецкіх часоў, якія, на жаль, сёння практычна ніхто не наведвае. Але ўсе яны могуць стаць "прыгодай і даследаваннем свету, прычым адносна недарагой", — перакананы суразмоўца.
"Фізічная падрыхтоўка ўсё роўна павінна быць, ты бяжыш крос 10 кіламетраў, купіў красоўкі, форму спартыўную, падцягнуўся, адціснуўся, звычайны спартыўны занятак. Квіток калі загадзя купляць, за сотні дзве долараў можна даляцець да таго ж Душанбэ, ну і там яшчэ трошкі. Калі ўсё загадзя планаваць, гэта досыць разумныя цэны, супастаўныя з адпачынкам, нават у Беларусі", — тлумачыць Лутаў.
У той жа час на вяршыню можа падняцца далёка не кожны, бо вышыня тэстуе ўвесь арганізм.
"Калі ёсць найменшае захворванне, яно сябе будзе праяўляць. Насмарк можа ператварыцца ў цяжкае захворванне, кашаль — у запаленне лёгкіх, любое недамаганне таксама хутка развіваецца. Чалавек павінен быць адносна здаровы, таму што гэта тэст на трываласць для арганізма ў цэлым", — кажа Лутаў.
Любое ўзыходжанне, калі ты тыднямі пакутваеш, а потым выходзіш на вяршыню і пад табой аблокі, то кожны раз гэта незабыўнае адчуванне трыумфу, ды і свет потым выглядае зусім інакш, рэзюмуе суразмоўца.
Sputnik, 13 жніўня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/193/40372
Текущая дата: 26.12.2024