Калумніст Станіслаў Андросік з`ездзіў на выхадныя ў Вільню ў пошуках духу старой Вільні, а знайшоў там ... польскі Wilno.
Лепшы спосаб адпачыць — гэта змена абстаноўкі. Многія беларусы з задавальненнем ездзяць у Вільню. Дабірацца да яе прасцей, чым да любой іншай суседняй сталіцы. Суайчыннікі там не толькі адпачываюць, але і пакідаюць прыстойныя сумы ў гандлёвых цэнтрах.
Усё было б добра, але ў Літве сур`ёзна занепакоіліся тым, што беларусаў прыязджае ўсё больш. Нешта накшталт незабыўнага "панаехалі", якія вось-вось ператвораць Вільню ў бліжэйшы мінскі прыгарад.
Гэта здаецца поўнай бязглуздзіцай. Вядома, нас звязвае гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, з якой, дарэчы, нас старанна выціскаюць.
Кожны беларус памятае са школьнай лавы радкі з верша Багдановіча: "Успомню Вострую Браму святую. І ваякаў на грозных канях". Са здзіўленнем для сябе адкрыў, што няма ўжо ў Вільні ніякай Вострай Брамы. Ад слова зусім. Нават беларускія гіды сталі называць яе Aušros Vartai або Брама Світання.
Для таго, каб неабыякаваму беларускаму турысту знайсці шыльды, звязаныя з імёнамі Скарыны, Сваяка або Гарэцкага, трэба прыкласці сур`ёзныя намаганні і загадзя падрыхтавацца. Беларускія тураператары яму не дапамогуць, яны выкладаюць гісторыю Вільні без беларускага кантэксту, як быццам і не быў гэты горад месцам беларускага Рэнесансу ў пачатку мінулага стагоддзя.
На самай справе нашым суседзям варта звярнуць увагу не на беларусаў, якія "змятаюць усё з прылаўкаў", дарэчы, уносячы сваю значную лепту ў эканоміку краіны-суседкі, а, як ні дзіўна, на турыстаў з суседняй Польшчы.
Беларусы любяць дзяліцца сваёй гісторыяй і адводзяць у ёй месца ўсім сваім суседзям. Затое "сеўшы на хвост" турыстычнай групе з Польшчы, можна не без цікавасці праслухаць займальную гісторыю пра польскі Вільно, дзе жылі і стваралі шматлікія палякі.
І гэта сапраўды так. Паўсюль ёсць паказальнікі і шматлікія стэнды, якія распавядаюць аб тых ці іншых асобах у гісторыі. Гід распавядае пра палякаў для палякаў, не ўганароўваючы ўвагаю не тое што беларускі след у гісторыі горада, але нават літоўцаў ня памінае аніяк.
Вось жа незадача: калі ты прыватызуеш гісторыю, то гэта можа прыйсці ў галаву каму-небудзь яшчэ.
Беларусь, Літву і Польшчу звязвае некалькі стагоддзяў супольнай гісторыі. Замест таго каб дзяліць мінулае і праводзіць чырвоныя лініі, мы маглі б шукаць тое, што нас аб`ядноўвае. Хай для палякаў будзе — Wilno, для беларусаў — Вільня, а літоўцаў — Вільнюс. Гэта горад, які звязвае ў адзін вузел нашу гісторыю, і гэта галоўнае, што трэба памятаць.
Sputnik, 18 ліпеня 2017
Sputnik, 18 ліпеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/195/40238
Текущая дата: 27.12.2024