Белорусский портал в Казахстане

Сезон палявання на пушных жывёл адкрываецца ў Беларусі з 5 лістапада



Асенне-зімовы сезон палявання на пушныя віды жывёл адкрываецца ў Беларусі з 5 лістапада, паведамілі ў рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб`яднанні "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў".

Сезон традыцыйна з`яўляецца адным з самых масавых сярод паляўнічых, пушная дзічына карыстаецца вялікай папулярнасцю. У гэты перыяд дазволена здабываць зайцоў (русака і беляка), лісіцу, вавёрку, куніц (лясную і каменную), ляснога тхара.

Адначасова прадаўжаецца сезон палявання на амерыканскую норку і андатру. Паляваць можна ў светлы час сутак на жывёл любога полу і ўзросту. Дазволеныя спосабы палявання на зайцоў - ружэйны з падыходу, з засады, загонам, безружэйны. Дапускаецца прымяненне гладкаствольнай паляўнічай зброі з выкарыстаннем патронаў, зараджаных шротам, паляўнічых сабак усіх парод. Да дазволеных спосабаў безружэйнага палявання адносяцца паляванне з хартамі і лоўчымі птушкамі.

На вавёрку, куніцу (лясную і каменную), амерыканскую норку, андатру, ляснога тхара можна паляваць з прымяненнем ружэйнага спосабу з падыходам, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, а таксама безружэйнага. Дазволеныя прылады палявання - гладкаствольная паляўнічая зброя з выкарыстаннем патронаў, зараджаных шротам; наразная паляўнічая зброя калібру 5,6 мм; паляўнічая пнеўматычная зброя з дульнай энергіяй большай за 7,5 джоўляў, але не большай за 25 джоўляў; паляўнічыя сабакі (усе пароды, акрамя ганчакоў і хартоў).

Пры безружэйным паляванні дазволена выкарыстоўваць капканы нумар 0-3 і пасткі (акрамя петляў). Асенне-зімовы сезон палявання на пушныя віды жывёл прадоўжыцца да 29 студзеня.

31 кастрычніка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/204/37479
Текущая дата: 15.11.2024