З 1 верасня ў краіне адкрываецца паляванне на бабра і выдру, якое будзе доўжыцца да 31 сакавіка наступнага года. Здабываць гэтых жывёл можна будзе ў светлы час сутак як зброевым (з засады, з падыходу), так і бяззброевым спосабамі.
Згодна з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, пры зброевай здабычы дапускаецца выкарыстанне наразной (з дульнай энергіяй кулі звыш 1 500 джоўляў), гладкаствольнай (з патронамі з куляй ці карцеччу) і кідальнай зброі (лукі і арбалеты). Пры бяззброевым спосабе палявання дазваляецца выкарыстоўваць пасткі №3-7, пасткі (акрамя петляў), а таксама паляўнічых сабак (апроч ганчакоў і выжлаў) пры выкарыстанні пастак.
— Паляванне на выдру ў краіне не такое папулярнае, як бабровае, на што ўказваюць звесткі адносна здабычы жывёл, — расказала прэс-сакратар Дзяржінспекцыі Вольга Грамовіч. — Згодна са справаздачай Мінлясгаса аб вядзенні паляўнічай гаспадаркі, летась здабыча выдры склала ўсяго 29 асобін, у той час як бабра — 8 919 асобін. Колькасць выдры ў паляўнічых угоддзях краіны, паводле леташняй статыстыкі, нязначная — 5,6 тысячы асобін, колькасць бабра — 58,3 тысячы асобін.
Аўтар: Сяргей Расолька
rs@zviazda.by
Звязда, 27 жніўня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/207/36756
Текущая дата: 15.11.2024