Белорусский портал в Казахстане

Беларусы, расіяне і чэхі сталі ўладальнікамі ўзнагарод верталётных гонак фестывалю #пранеба-2016



Пра гэта паведамілі арганізатары мерапрыемства.

Па выніках верталётных гонак, якія адбыліся ў ходзе фестывалю авіяцыйнага спорту #пранеба-2016 у Мінскім аэраклубе ДТСААФ (пасёлак Баравая) 30 і 31 ліпеня, у лік уладальнікаў узнагарод увайшлі прадстаўнікі Беларусі, Расіі і Чэхіі.

Верталётныя гонкі сталі адным з самых цікавых і захапляльных этапаў фестывалю. У дысцыпліне "Слалам" месцы на п`едэстале размеркаваліся наступным чынам: 1. Юрый Яблакаў, Канстанцін Падайніцын (Расія); 2. Мікіта Лапцеў, Уладзіслаў Курс (Беларусь); 3. Андрэй Арэхаў, Вадзім Сазонаў (Расія). Па выніках фіналу ў дысцыпліне "Развозка грузаў" лепшым стаў расійскі экіпаж у складзе Пятра Васільева і Віктара Дзегцяра. Другое месца дасталася іх суайчыннікам Андрэю Арэхаву і Вадзіму Сазонаву. Замкнулі ж прызавую тройку прадстаўнікі Беларусі Антон Данчанка і Аляксей Мачанскі.

У "Развозцы грузаў" удзельнікі спаборнічалі ў дакладнасці праходжання маршруту з прымацаваным грузам. Што датычыцца "Слалама", то экіпажы верталётаў праносілі па маршруце вядро, прымацаванае да канатаў і напоўненае вадой, праз вароты ў пэўнай паслядоўнасці. На фінішы неабходна было ўстанавіць вядро на стол. Суддзі ацэньвалі час, дакладнасць і захаванасць вады ў вядры.

У суперфінале верталётных гонак сустрэліся дзве самыя моцныя каманды, абсалютнымі чэмпіёнамі сталі Пётр Васільеў і Віктар Дзягцяр, якія першынствавалі і ў мінулым годзе.

Яшчэ ў трох відах праграмы пераможцамі сталі па два экіпажы. У "Камандным слаламе" - Аляксей Мачанскі і Антон Данчанка (Беларусь), а таксама Сяргей Тупікоў і Сяргей Косцін (Расія).

У каманднай эстафеце па "Развозцы грузаў" мацнейшымі прызнаны Эдуард Маліна і Якуб Хорачэк (Чэхія) і іх калегі з Беларусі Уладзімір Бугаёў і Андрэй Рагонаў.

У "Камбінаванай каманднай эстафеце" панавалі расіяне Юрый Яблакаў і Канстанцін Падайніцын, а таксама Юрый Філіманюк і Уладзімір Панарын.

Арганізатары фестывалю ўдакладнілі, што ў ходзе цяперашніх спаборніцтваў за званне лепшага верталётнага экіпажа змагаліся 13 каманд з Беларусі, Расіі, Украіны і Чэхіі.

Узнагароджанне мацнейшых правялі старшыня Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Аляксандр Цэнтэр і прэзідэнт федэрацыі верталётнага спорту Расіі Ірына Грушына. Аляксандр Цэнтэр на фестывалі выступаў не толькі як арганізатар, але і як удзельнік верталётных спаборніцтваў. Ён выказаў упэўненасць, што фестываль будзе развівацца і прынясе беларусам новыя сюрпрызы ўжо ў наступным годзе.

Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Антон Быстроў нагадаў аб тым, што фестываль #пранеба-2016 стаў пляцоўкай для ўстанаўлення новага нацыянальнага рэкорду па парашутнай групавой акрабатыцы ў класе "Вялікая фармацыя", а таксама для сур`ёзных міжнародных спаборніцтваў. "Мы спадзяёмся, што для некага наш фестываль стане стымулам, каб прайсці навучанне і ў наступным годзе з гледача ператварыцца ва ўдзельніка авіяцыйных падзей", - падкрэсліў ён.

У час фестывалю #пранеба-2016 адбыліся дэманстрацыйныя палёты розных тыпаў самалётаў і верталётаў авіяцыі ДТСААФ, ВПС і войскаў ППА, скачкі парашутыстаў, паказальныя выступленні спартсменаў па розных авіяцыйных і тэхнічных, а таксама ваенна-прыкладных відах спорту.

Акрамя таго, адбылося відовішчнае авіяшоу, аглядныя палёты на верталётах і самалётах для жадаючых. Для дзяцей былі арганізаваны розныя майстар-класы. Да ўвагі ўдзельнікаў і гасцей фестывалю таксама былі прапанаваны розныя забаўляльныя мерапрыемствы.

Фестываль авіяцыйнага спорту адбыўся другі раз. Арганізатарамі #пранеба-2016 выступілі Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту і ДТСААФ Беларусі.

1 жніўня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/209/36476
Текущая дата: 15.11.2024