Белорусский портал в Казахстане

Беларусь не разглядае ўкраінскія ID-карткі як сапраўдныя для перасячэння граніцы дакументы



Аб гэтым паведаміў 31 сакавіка на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

"Увядзенне Украінай замест пашпартоў на папяровых носьбітах пластыкавых картак з бескантактным электронным носьбітам і без такога носьбіта не прадугледжвалася пры падпісанні бакамі пагаднення ў 2009 годзе. У сувязі з гэтым уведзены ўкраінскім бокам з 1 студзеня 2016 года ўнутраны пашпарт новага ўзору не разглядаецца беларускім бокам у якасці дакумента, сапраўднага для перасячэння граніцы", - растлумачыў Дзмітрый Мірончык.

Гэта пытанне будзе падрабязна абмяркоўвацца на кансультацыях у Мінску. Кансультацыі па пагадненні паміж урадам Беларусі і Кабінетам Міністраў Украіны аб бязвізавых паездках грамадзян ад 12 чэрвеня 2009 года пройдуць 31 сакавіка з удзелам зацікаўленых дзяржорганаў Беларусі. На парадку дня - пытанні прымянення гэтага пагаднення і яго карэкціроўкі ў частцы пераліку сапраўдных дакументаў для ўезду, выезду, праезду транзітам і знаходжання на тэрыторыі Беларусі грамадзян Украіны.

"Неабходнасць такой карэкціроўкі абумоўлена ўніфікацыяй выстаўленых да праязных дакументаў патрабаванняў у адпаведнасці з нормамі ІКАО і ўдасканаленнем парадку перасячэння дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь", - растлумачыў Дзмітрый Мірончык.

Практыка прымянення гэтага пагаднення сведчыць, што большасць грамадзян Украіны выкарыстоўваюць для перасячэння беларуска-ўкраінскай граніцы ўнутраны пашпарт грамадзяніна Украіны.

"Гэтыя пашпарты не адпавядаюць патрабаванням міжнародных стандартаў ІКАО, а таксама маюць слабыя ступені абароны ад падробак. З-за адсутнасці ва ўнутраным пашпарце грамадзяніна Украіны машынасчытвальнай зоны ўнясенне звестак аб яго ўладальніку ажыццяўляецца пагранслужбамі Беларусі выключна ў ручным рэжыме, а гэта негатыўна ўплывае на прапускную здольнасць дзеючых на беларуска-ўкраінскай граніцы пунктаў пропуску, на якасць абслугоўвання насельніцтва", - заўважыў прэс-сакратар.

31 сакавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/216/35016
Текущая дата: 14.11.2024