Белорусский портал в Казахстане

Гандбалісткі зборнай Беларусі другі раз перамаглі каманду Літвы ў кваліфікацыі ЧЕ



Зборная Беларусі другі раз запар перамагла каманду Літвы ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы.

Пасля нядаўняй вікторыі ў Каўнасе (29:21) на фінішы першага круга спаборніцтваў каманд 1-й кваліфікацыйнай групы падапечныя Томажа Чатэра ў Мінску зноў перайгралі літоўскіх гандбалістак, на гэты раз з лікам 38:35 (18:15).

Першы тайм беларускія гандбалісткі правялі відавочна не ў сваю сілу. Яны шмат памыляліся, гублялі мяч у атаках і да перапынку былі наперадзе толькі на тры мячы - 18:15.

Па такім жа сцэнарыі прайшла і другая палавіна сустрэчы - зноў абедзве каманды дапускалі шмат элементарных памылак, асабліва пры гульні ў абароне, але ў выніку перамогі дабіліся беларускі.

Зборнай Беларусі засталося правесці два матчы супраць лідараў гэтага адборачнага квартэта - 1 чэрвеня яна прыме на сваёй пляцоўцы каманду Нарвегіі, а 4 чэрвеня згуляе ў гасцях у румынскай дружыны.

У двух стартавых турах беларускія гандбалісткі атрымалі паражэнні ад нарвежак - 24:35 і румынак - 23:25. У матчы двух галоўных фаварытаў нарвежскія гандбалісткі разграмілі румынак - 27:17, узяўшы рэванш за нядаўняе гасцявое паражэнне з лікам 20:25. Становішча каманд пасля чатырох тураў: Нарвегія - 6 ачкоў, Румынія - 6, Беларусь - 4, Літва - 0.

Пуцёўкі ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы атрымаюць па дзве лепшыя каманды з сямі груп, а таксама лепшая з тых, хто зойме трэція месцы. Завяршальны этап турніру пройдзе ў снежні на гандбольных арэнах Швецыі.

14 сакавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/217/34710
Текущая дата: 14.11.2024