Белорусский портал в Казахстане

НАК Беларусі не задаволіла рашэнне аб допуску на Алімпіяду-2024 без сцяга



Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі заявіў, што прыняў да ведама рашэнне аб допуску беларускіх спартсменаў на Гульні ў Парыжы ў нейтральным статусе.

Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Беларусі вітае допуск беларускіх спартсменаў да Алімпіяды-2024 у Парыжы, але гэтае рашэнне не ў поўнай меры задавальняе інтарэсы спартыўнай супольнасці рэспублікі, заявілі ў НАК.

"…Аднак прынятае рашэнне не задавальняе інтарэсы беларускай спартыўнай супольнасці ў поўнай меры. Строгія абмежаванні, якія існуюць, уключаючы ўдзел у спаборніцтвах без нацыянальных сімвалаў, абмежаваную колькасць кваліфікацыйных спаборніцтваў, нядопуск спартсменаў, якія выступаюць у камандных відах – усе гэтыя ўмовы па-ранейшаму з’яўляюцца вельмі дыскрымінацыйнымі ў адносінах да атлетаў нашай краіны", - падкрэслілі ў камітэце.

Там таксама адзначылі, што Мінск "прыняў да ведама" гэтае рашэнне Выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта.

Акрамя таго, у НАК звярнулі ўвагу, што не ўсе міжнародныя федэрацыі кіруюцца рэкамендацыямі і рашэннямі МАК.

Напрыклад, гэта Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый. Як лічыць беларускі бок, гэтая структура нават не спрабуе схаваць адкрыта дыскрымінацыйную і палітызаваную пазіцыю ў адносінах да спартсменаў з Беларусі.

"У сувязі з гэтым чакаем дакладныя тлумачэнні "дыскрымінацыйных" умоў доступу да ўдзелу ў астатніх кваліфікацыйных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях у Парыжы не толькі з боку МАК, але і міжнародных федэрацый як асноўных арганізатараў спаборніцтваў у сваіх відах спорту", - заявілі ў НАК.

У камітэце паведамілі, што будуць кіравацца найперш інтарэсамі саміх беларускіх спартсменаў.

Пра тое, што беларусаў гатовы дапусціць на Алімпіяду-2024 у нейтральным статусе, стала вядома ў мінулую пятніцу, 8 снежня.

Умовы допуску такія:

*заяўляцца як індывідуальныя нейтральныя спартсмены;
*каманды на Гульні не дапускаюцца;
*спартсмены і дапаможны персанал, якія падтрымліваюць СВА ва Украіне, не будуць удзельнічаць у спаборніцтвах;
*атлеты (як і персанал), якія заключылі кантракт з расійскімі або беларускімі ваеннымі ці органамі нацыянальнай бяспекі, не маюць права ўдзельнічаць у Алімпіядзе.

XXXIII Алімпійскія гульні 2024 года пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня.

Мінск, 11 снежня 2023
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/22/71752
Текущая дата: 06.11.2024