Беларускія спартсмены выйгралі два срэбра і бронзу на першым этапе Міжнароднай лігі клубнага біятлона ў Ханты-Мансійску. Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Рэспублікі Беларусь.
Ганна Сола заняла другое месца ў гонцы з масавым стартам. Яна нядрэнна пераадолела дыстанцыю, аднак на агнявых рубяжах у спартсменкі былі прамашкі. У выніку беларуска адстала ад прадстаўніцы Расіі Анастасіі Гардзеевай, і тая прыйшла да фінішу першай. Трэцяй стала расіянка Лізавета Капліна.
Антон Смольскі заваяваў срэбра. Толькі на фінішы ён саступіў Карыму Халілі (Расія). Бронзавая ўзнагарода ў беларуса Мікіты Лобастава.
Першы Кубак Міжнароднай лігі клубнага біятлона ў Ханты-Мансійску працягнецца 19 лістапада, на гэты дзень запланаваны гонкі праследавання. Прызавы фонд спаборніцтваў складае 8 млн расійскіх рублёў (больш за 270 тыс.беларускіх).
Звязда, 18 лістапада 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/23/71500
Текущая дата: 06.11.2024