Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка ўражаны, як добра Азербайджан падрыхтаваўся да правядзення Еўрапейскіх гульняў



Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы 12 чэрвеня ў Баку з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым высока ацаніў узровень падрыхтоўкі да правядзення I Еўрапейскіх гульняў, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

"У вас было ўсяго два гады, каб падрыхтавацца да гульняў. Гэта было б немагчыма, калі б вы дагэтуль нічога не рабілі. Мы не сумняваліся, што гэта будзе зроблена, але каб так было прыгожа… Гэта проста нас уразіла", — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што не мог не прыехаць на адкрыццё гэтага першага ў гісторыі спартыўнага форуму, таму што раней сам выказваў пажаданне, каб на еўрапейскім кантыненце праводзіліся такія спаборніцтвы алімпійскага фармату. Як чакаецца, вечарам 12 чэрвеня ў Баку Лукашэнка возьме ўдзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця I Еўрапейскіх гульняў.

Лукашэнка таксама зазначыў, што Беларусь і Азербайджан блізкія адзін да аднаго і маюць добры фундамент адносін.

У сваю чаргу Ільхам Аліеў сказаў, што рэгулярныя кантакты лідараў дзвюх краін дапамагаюць "надаць дынамізм двухбаковым адносінам". "Беларусь для нас — дружалюбная, братэрская дзяржава. Мы вельмі цэнім нашы адносіны і ганарымся тым, што нам удалося дасягнуць за адносна кароткі час у справе палітычнага ўзаемадзеяння, эканамічнай кааперацыі, сумесных праектаў. Па ўсіх кірунках мы бачым толькі пазітыўную дынаміку. Нашы адносіны вызначаюць шчырасць, надзейнасць і нацэленасць на паспяховую рэалізацыю задач, якія мы ставім", — сказаў прэзідэнт Азербайджана.

Беларусь і Азербайджан "падтрымліваюць актыўны палітычны дыялог на ўсіх узроўнях, з`яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі, бакі канструктыўна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў ААН і АБСЕ", зазначаецца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта. У 2014 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў 330,8 млн. долараў, у тым ліку беларускі экспарт тавараў — 322,1 млн. долараў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 12 чэрвеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/233/31445
Текущая дата: 08.11.2024