Белорусский портал в Казахстане

У Нямеччыне заклікаюць стварыць новую фэдэрацыю футболу



А кіраўнік Футбольнай асацыяцыі Ангельшчыны Грэг Дайк заявіў, што яго краіна можа байкатаваць Чэмпіянат сьвету ў 2018 годзе.

Прычынай хваляваньняў у футбольным сьвеце застаецца асоба прэзыдэнта ФІФА Ёзэфа Блятэра, якога абвінавачваюць у карупцыі.

У Нямеччыне заклікі да стварэньня новай футбольнай асацыяцыі прагучалі ад віцэ-старшыні Эўрапарлямэнту Аляксандра Графа Лямбсдорфа. Палітык лічыць, што асноўныя фэдэрацыі, якія прадстаўляюць найлепшыя футбольныя каманды сьвету, здольная аб’яднацца ў «Сусьветную футбольную асацыяцыю».

Па меркаваньні Лямбсдорфа, ядром такой фэдэрацыі мусіць стаць Эўропа. «Калі пяць вядучых футбольных нацый Эўропы — Нямеччына, Ангельшчына, Гішпанія, Францыя і Італія абвесьцяць пра гатовасьць стаць ядром Сусьветнай футбольнай асацыяцыі, то да іх хутка далучацца ЗША, Японія і Аўстралія», — сьцьвярджае палітык. Ён спадзяецца, то пазьней да асацыяцыі далучацца Аргентына і Бразылія. Паводле Лямбсдорфа, гэта стане спартовым і эканамічным канцом ФІФА Зэпа Блатэра.

Нямецкае выданьне Bild am Sonntag замовіла апытаньне грамадзкага меркаваньня, яно выявіла, што 76% жыхароў Нямеччыны выказваюцца за адстаўку Блатэра ў сувязі з карупцыйным скандалам. Толькі 11% хочуць, каб Блатэр застаўся прэзыдэнтам.

Як паведамляе Deutsche Welle, амаль кожны другі жыхар Нямеччыны лічыць ФІФА «крымінальнай групоўкай». Аднак 42 працэнты ня згодныя з гэтым меркаваньнем.

Радыё Свабода
31 траўня 2015, Менск

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/234/31217
Текущая дата: 08.11.2024