Другая ракетка планеты Арына Сабаленка пацярпела паразу ў фінале турніру WTA-500 у аўстралійскім Брысбене з прызавым фондам $1,7 млн.
7 студзеня ў вырашальным матчы беларуска ўступіла прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай, якая займае 4 пазіцыю ў сусветным рэйтынгу, — 0:6, 3:6. У першым сэце, які доўжыўся ўсяго 20 хвілін, Сабаленка не змагла выйграць ніводнага пункта. Ёй гэта ўдалося толькі ў трэцім розыгрышу другой партыі, але потым яе саперніца зноў дамінавала і перамагла. Фінальная сустрэча доўжылася 1 гадзіну 10 хвілін.
Год таму Арына Сабаленка перамагла Алену Рыбакіну ў фінальным матчы Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе, упершыню ў кар’еры выйграўшы турнір Вялікага шлема.
На шляху да фіналу сёлетніх спаборніцтваў у Брысбене Сабаленка адолела італьянку Люсію Бранцэці (52-е месца ў рэйтынгу WTA), кітаянку Чжу Лін (33), расіянку Дар’ю Касаткіну (18), а ў паўфінале перамагла беларуску Вікторыю Азаранка (23). У гэтых сустрэчах Сабаленка не аддала саперніцам ніводнага сэта.
Праз тыдзень, 14 студзеня, вядучыя тэнісісты свету пачнуць выступленне на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі-2024 у Мельбурне.
Звязда, 7 студзеня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/24/72031
Текущая дата: 29.12.2024