Белорусский портал в Казахстане

Расейскія браканьеры палявалі ў Беларусі на аўтамабілях і конях



На тэрыторыі Касьцюковіцкага раёну ў Магілёўскай вобласьці затрымалі 11 грамадзян Расеі, якія палявалі ў забароненым месцы — у зоне адсяленьня і адчужэньня.

Як паведамляе Дзяржаўная інспэкцыя па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету, затрыманьне адбылося 26 сьнежня. У парушальнікаў канфіскаваныя тры паляўнічыя карабіны і восем стрэльбаў, там жа на месцы паляваньня знойдзена незарэгістраваная стрэльба.

Расейцы арганізавалі на тэрыторыі Беларусі загоннае паляваньне. Прыехалі ў «зону адчужэньня» на машынах і конях.

Сёлета гэта ня першы выпадак браканьерства расейцамі на беларускай тэрыторыі, у тым ліку забруджанай радыенуклідамі.

Так, у красавіку 2014 года п’яныя грамадзяне Расеі, якія прыехалі ў Беларусь на паляваньне, спрабавалі схавацца ў Лоеўскім раёне ад супрацоўнікаў ДАІ. Падчас затрыманьня яны пратаранілі службовы аўтамабіль міліцыі.

У 2013 годзе жыхары суседняй краіны ўчынілі бойку і пагоню з інспэктарамі аховы прыроды ў Гомельскай вобласьці. Расейцы застрэлілі ў зоне адчужэньня і адсяленьня лася і кабана, а затым аказалі жорсткае супраціўленьне работнікам аховы прыроды.

Сьнегаход браканьераў быў пашкоджаны, таму яны паспрабавалі завалодаць службовым. На двух мужчын былі надзеты наручнікі. Два інспэктары засталіся ахоўваць затрыманых, а двое другіх паехалі сустракаць апэратыўна-сьледчую групу. Празь некаторы час на месца затрыманьня прыехалі саўдзельнікі затрыманых. У выніку адзін з затрыманых уцёк. За незаконнае паляваньне ў зоне радыяцыйнага адчужэньня браканьер-расеец быў прыгавораны да двух з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Радыё Свабода, 30 сьнежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/247/28845
Текущая дата: 08.11.2024