Белорусский портал в Казахстане

Беларускія біятланісткі занялі трэцяе месца ў эстафеце на этапе Кубка свету ў нямецкім Оберхофе



Зборная Беларусі, за якую выступалі Надзея Скардзіна, Настасся Дубарэзава, Надзея Пісарава і Дар`я Домрачава, фінішавала трэцяй следам за пераможцамі - камандай Чэхіі і францужанкамі.

На першым этапе Надзея Скардзіна выдатна правяла стральбу, не дапусціўшы ні аднаго промаху. Эстафету Настассі Дубарэзавай яна перадала 4-й, уступаючы лідару 8,2 сек. Сваю частку дыстанцыі Дубарэзава прайшла ў добрым тэмпе, а вось на стрэльбішчы дапусціла 4 промахі і адстала ад лідараў роўна на мінуту. Яшчэ горш склаўся этап у Надзеі Пісаравай, якая "зарабіла" штрафны круг пры стральбе стоячы і, здавалася, страціла надзеі беларусак на прызавое месца. Аднак сваё важкае слова сказала лідар каманды Дар`я Домрачава. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка нібыта не заўважыла больш чым мінутнага адставання і 10 саперніц, якія ішлі наперадзе. Дзякуючы выдатнай скорасці на лыжні і добрай стральбе Дар`я змагла вывесці зборную Беларусі на трэцяе падагульняючае месца.

Эстафета 4х6 км

1. Чэхія - 01:00 16 мін. 56,0 сек.
2. Францыя +8,9 сек.
3. Беларусь +1 мін. 6,8 сек.

Гэта была другая ў гэтым сезоне эстафета ў дам. У першай, якая прайшла ў снежні мінулага года на кубкавым этапе ў аўстрыйскім Хохфільцэне, перамаглі біятланісткі зборнай Германіі, а беларуская каманда фінішавала другой, апярэдзіўшы чэшскіх спартсменак.

У чацвер, 8 студзеня, адбудзецца мужчынская эстафета 4х7,5 км. У Хохфільцэне лепшымі былі расіяне, другое месца ў французаў, трэцімі фінішавалі нарвежцы. Беларускія біятланісты Аляксандр Дарожка, Уладзімір Чапелін, Дзмітрый Будзіловіч і Юрый Лядаў аказаліся вельмі далёкія ад лідараў.

Акрамя дзвюх эстафет у праграме чарговага кубкавага этапу яшчэ 4 індывідуальныя гонкі. У пятніцу, 9 студзеня, жанчыны выйдуць на старт спрынту на 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі, 10 студзеня пройдзе мужчынскі спрынт на 10 км з чатырма заходамі на стрэльбішча, а ў заключны дзень спаборніцтваў 11 студзеня пройдуць дзве гонкі з масавага старту: у жанчын на 12,5 км і мужчын на 15 км.

Пасля трох праведзеных этапаў у агульным заліку Кубка свету сярод жанчын лідзіруе фінская біятланістка Кайса Мякярайнен - 422 ачкі, на другой пазіцыі ўкраінка Валянціна Семярэнка - 328, а ў лепшай беларускай біятланісткі Дар`і Домрачавай, якая ідзе трэцяй, 306 заліковых балаў. Надзея Скардзіна мае 182 ачкі і займае 15-е месца ў агульным заліку, Надзея Пісарава знаходзіцца на 41-й пазіцыі (54 ачкі), у Настассі Дубарэзавай 48-е месца (36).

У камандным заліку Кубка нацый наперадзе зборная Германіі - 2121 ачко, у беларусак 1961 бал, на трэцім месцы чэшская дружына - 1943 ачкі.

У мужчынскім заліку на першым месцы французскі спартсмен Мартэн Фуркад, які набраў 361 ачко. За ім ідуць расіянін Антон Шыпулін (336) і нарвежац Эміл-Хегле Свендсэн (335). З прадстаўнікоў Беларусі заліковыя балы маюць толькі два спартсмены: Юрый Лядаў знаходзіцца на 63-й пазіцыі (6), а Уладзімір Чапелін займае 67-е месца (2). У Кубку нацый наперадзе каманда Нарвегіі (2228), другое месца ў зборнай Францыі (2136), трэцяе - у расійскіх спартсменаў (2090). Зборная Беларусі мае 1193 ачкі і займае 16-е месца.

8 студзеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/247/28897
Текущая дата: 08.11.2024