Белорусский портал в Казахстане

Беларусы заваявалі 64 медалі на VIII Балтыйскіх юнацкіх спартыўных гульнях у Выбаргу



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства спорту і турызму.

Спартыўная дэлегацыя Беларусі вярнулася з VIII Балтыйскіх юнацкіх спартыўных гульняў 2013 года, якія завяршыліся ў Выбаргу (Расія). Беларускімі спартсменамі на іх заваяваны 64 узнагароды (38 залатых, 16 сярэбраных, 10 бронзавых медалёў).

Паспяхова выступілі беларускія лёгкаатлеты, у якіх цэлы россып медалёў - 14 залатых, 7 сярэбраных і 4 бронзавыя. Вызначыліся і баксёры, якія змаглі заваяваць 10 залатых і 3 сярэбраныя медалі. У дзюдаістаў 8 медалёў вышэйшай вартасці, 2 сярэбраныя і 2 бронзавыя. Па некалькі медалёў у камандную скарбонку прынеслі прадстаўнікі веласпорту, спартыўнага арыентавання і фехтавання. У гульнявых відах беларускімі юнакамі заваявана золата баскетбольнага турніру і серабро валейбольнага. Дзявочая зборная па валейболу ўзнялася на вышэйшую прыступку п`едэстала гонару.

Усяго ў VIII Балтыйскіх юнацкіх спартыўных гульнях прынялі ўдзел 808 атлетаў з 9 краін, сярод якіх Беларусь, Германія, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Расія, Швецыя, Фінляндыя. Спаборніцтвы праводзіліся па 15 відах спорту. Беларусь прадстаўлялі 102 спартсмены ў 8 відах.

Наступныя Балтыйскія гульні пройдуць у Брандэнбургу (Германія) з 3 па 5 ліпеня 2015 года.

12 ліпеня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/279/22233
Текущая дата: 07.11.2024