Белорусский портал в Казахстане

Брэсцкія веласіпедысты і байкеры адкрылі сезон



Больш чым 500 чалавек узялі ўдзел у адкрыцці мотавеласезону ў Брэсце. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі брэсцкая абласная ДАІ, мотаклуб "Залатое крыло" і велаклуб "Кола-Бок".

Удзельнікі акцыі сабраліся каля Лядовага палаца і праехалі па маршруце вул. Маскоўская — Гаўрылава — Ленінградская. Завяршылася дзейства каля Палаца спорту "Вікторыя", дзе адбыліся спаборніцтвы паміж матацыклістамі і веласіпедыстамі па праходжанні паласы перашкод, фігурным ваджэнні, а святар асвяціў транспартныя сродкі і благаславіў на бяспечны рух.

Дарэчы, веласіпедыстаў на адкрыццё сезона сабралася значна больш, чым байкераў.

"Сёлета ў нас новаўвядзенне, — расказала начальнік аддзела па агітацыі і прапагандзе УУС ДАІ Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук. — Мы вырашылі сумесна адкрыць мота- і веласезон — 2013. Асноўная мэта — папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў сярод двух колаў. Намі заснаваны кубак, які па выніках сезону атрымаюць або веласіпедысты, або матацыклісты. Гэта залежыць толькі ад таго, хто менш будзе парушаць правілы дарожнага руху".

Алесь Ляўчук, БелаПАН
Брэст, 14 красавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/288/20550
Текущая дата: 26.12.2024