Белорусский портал в Казахстане

Беларусь справіла алімпійскі баль



У Палацы Рэспублікі адбылося ўшанаванне алімпійскіх чэмпіёнаў Лондана.

Ініцыятарам свята стала кампанія МТС, якая ў адной зале сабрала вялікіх спартсменаў мінулага і герояў гэтага года. Алімпійцаў чакалі памятныя дыпломы, падарункі ад мабільнага аператара — новенькія смартфоны і бясплатнае карыстанне паслугамі кампаніі тэрмінам на чатыры гады, а таксама шчырыя апладысменты і цёплыя словы гасцей мерапрыемства.

Так, легенда вольнай барацьбы Аляксандр Мядзведзь, які ўручаў узнагароду залатому медалісту лонданскай Алімпіяды Сяргею Мартынаву, выказаў упэўненасць у тым, што беларускі стралок з такой воляй да перамогі абавязкова прывязе медаль не толькі з Рыа, але і з наступных Алімпійскіх гульняў.

Але не толькі героі вечара былі ў цэнтры ўвагі. Двухразовая прызёрка Лондана Аляксандра Герасіменя, напрыклад, паабяцала арганізаваць прэмію для спартыўных журналістаў. "Гэта ідэя ўзнікла абсалютна спантанна, — расказала вядомая плыўчыха. — На нядаўняй прэс-канферэнцыі, дзе журналісту, які задаў лепшае пытанне, я падаравала невялікі прэзент, прывезены з Францыі. Тады заўважыла, з якім азартам прысутныя адклікнуліся на гэту прапанову, і падумала, што было б няблага выявіць лепшага спартыўнага журналіста года. Бо супрацоўнікі прэсы і тэлебачання на працягу ўсяго алімпійскага цыкла былі побач з намі, падтрымлівалі гэтак жа, як і заўзятары, і я хачу паказаць, што спартсмены гэта бачаць, цэняць і паважаюць".

Яшчэ Аляксандра падзялілася са "Звяздой" планамі на наступны год: "2013 — гэта год Змяі, якая сімвалізуе мудрасць. Таму я планую скончыць эканамічны ўніверсітэт і працягнуць вучобу ў Оксфардскім каледжы, куды нядаўна паступіла. Безумоўна, я буду працягваць плаваць, але большую частку свайго часу прысвячу менавіта атрыманню ведаў".

Таксама ў рамках "алімпійскага балю" адбылося ўручэнне штогадовай прэміі Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. Так, камандай года сталі беларускія "групавічкі", якія заваявалі сярэбраны медаль на лонданскай Алімпіядзе. Прыз у намінацыі "За волю да перамогі" дастаўся Меліціне Станюце, а ў катэгорыі "Лепшы спартсмен" былі адзначаны ажно некалькі атлетаў — Дзмітрый Баркалаў у спартыўнай гімнастыцы, Таццяна Пятрэня ў скачках на батуце, Сяргей Арцёменка ў скачках на акрабатычнай дарожцы, жаночая пара Яна Янусік/Святлана Міхневіч у спартыўнай акрабатыцы і Любоў Чаркашына ў мастацкай гімнастыцы.

Дарэчы, бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў, якая зусім нядаўна абвясціла пра завяршэнне спартыўнай кар`еры, адзначыла, што да гэтага часу, калі бярэ медаль у рукі, не верыць, што ён належыць ёй, а таксама распавяла пра апошнія падзеі ў жыцці: "Нядаўна выступала на італьянскім чэмпіянаце, дапамагла клубу "Нервенезе" вярнуцца ў серыю А. Для мяне гэта было вельмі важна. Неўзабаве адпраўляюся на майстар-клас у ЗША. Гэта таксама вельмі адказнае мерапрыемства, якое паказвае, наколькі высока цябе ацэньваюць як спартсмена".

Дарына Запольская
Звязда, 11 снежня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/292/18307
Текущая дата: 07.11.2024