Белорусский портал в Казахстане

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу адкрытага чэмпіянату Аўстраліі



На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе Азаранка выйшла ў чацвёрты круг, Гаварцова і Мірны прайгралі ў парных спаборніцтвах.

19 студзеня ў трэцім раўндзе першая ракетка свету выйграла ў амерыканкі Джэймі Хэмптан (63) — 6:4, 4:6, 6:2 і цяпер сустрэнецца з Аленай Веснінай з Расіі (47). Пераможца гэтай пары ў чвэрцьфінале будзе сапернічаць з лепшай у матчы Каралін Вазняцкі (Данія, 10) — Святлана Кузняцова (Расія, 75).

У другім крузе жаночага парнага разраду (1/16 фіналу) Вольга Гаварцова (61) і расіянка Вера Душэвіна (43) прайгралі Серэне і Венус Уільямс з ЗША (дзеляць 31-е месца) — 1:6, 2:6. Серэна Уільямс, якая з`яўляецца галоўнай канкурэнткай Азаранкі ў барацьбе за першае месца ў рэйтынгу ВТА, у гэты дзень выйшла ў 1/8 фіналу адзіночнага разраду.

Нядоўгім было выступленне Максіма Мірнага (7) і Хорыі Тэкау (8). "Пасеяны" пад чацвёртым нумарам беларуска-румынскі дуэт у другім крузе саступіў кіпрыёту Маркасу Багдацісу (184) і балгарыну Грыгару Дзімітраву (564) — 6:3, 3:6, 2:6. У 2011 і 2012 гадах Мірны даходзіў да паўфіналу Australian Open.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 19 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/293/19004
Текущая дата: 25.12.2024