Белорусский портал в Казахстане

Беларускі баксёр Сяргей Рабчанка пацвердзіў званне наймацнейшага баксёра ў Еўропе



Трэнер баксёра Рабчанкі пра бой з французам: Сяргей паказаў, што можа праходзіць працяглую дыстанцыю ў самым высокім тэмпе.

У мінулыя выхадныя на "Манчэстэр Арэне" ў Вялікабрытаніі беларускі баксёр Сяргей Рабчанка пацвердзіў званне наймацнейшага баксёра ў Еўропе і заваяваў сярэбраны пояс чэмпіёна свету WBC у вагавай катэгорыі да 69,9 кг, перамогшы афіцыйнага прэтэндэнта з Францыі Седрыка Віту.

"24 лістапада Рабчанка ўчыніў для саперніка, прабачце за каламбур, Бярэзіну для французаў (бой адбыўся якраз у дзень 200-годдзя бітвы на рацэ Бярэзіна, што ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці. — БелаПАН.)", — сказаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 28 лістапада старшыня Беларускай Федэрацыі прафесійнага бокса (БФПБ) Генадзь Наркевіч.

Паводле меркавання Наркевіча, гэты бой "быў самым цяжкім з усіх і стаў новым этапам у яго спартыўнай кар`еры".

Сам Рабчанка прызнаўся, што вельмі стаміўся ў баі з французам. Ён рыхтаваўся да бою каля чатырох месяцаў.

"Гэта не магло не адбіцца на маім маральным стане, але ў выніку поспех ёсць", — сказаў баксёр. Трэнер Рабчанкі Сяргей Пыталеў заявіў, што французскі баксёр паднёс беларускаму чэмпіёну сюрпрыз у плане тактыкі вядзення бою, і змагацца з ім было цяжка. "Тым не менш гэта цяжкая перамога за намі, — сказаў ён. — Сяргей паказаў, што можа праходзіць працяглую дыстанцыю ў самым высокім тэмпе".

БелаПАН
28 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/294/17995
Текущая дата: 06.11.2024