Белорусский портал в Казахстане

Вікторыя Азаранка: Зараз я другая ракетка ў свеце, але ж ёсць магчымасць зноў стаць першай



12 чэрвеня мацнейшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая зараз знаходзіцца ў Мінску, дала майстар-клас юным спартсменам у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе.

Выхаванцы цэнтра даведаліся ад зоркі сакрэты пераможнай падачы, выслухалі яе заўвагі адносна любімай гульні, а пасля трэніроўкі фатаграфаваліся з Вікторыяй і атрымлівалі яе аўтографы на фатаграфіях тэнісісткі, мячах і майках.

Пасля майстар-класа Азаранка гутарыла з журналістамі. Яна сказала, што некалькі дзён адпачывала ад тэніса, выязджала ў наваколлі Мінска, любавалася беларускай прыродай і, нарэшце, выспалася.

Правядзенне сустрэчы з юнымі тэнісістамі было ініцыятывай самой Вікторыі. "Майстар-клас мне вельмі спадабаўся, — падзялілася яна. — Радуе, што кожны раз усё больш дзяцей прыходзяць, а значыць гуляюць у тэніс. Такія заняткі забіраюць шмат сіл, але і напаўняюць пазітыўнай энергіяй".

Азаранка паведаміла, што з учарашняга дня пачала рыхтавацца да Уімблдонскага турніру, які стане апошняй рэпетыцыяй перад Алімпіядай. І на Уімблдоне, і ў Лондане Вікторыя выступіць не толькі ў адзіночным, але і ў парным міксце, дзе яе партнёрам будзе Максім Мірны.

Вікторыя па-філасофску ставіцца да таго, што на гэтым тыдні страціла першую прыступку рэйтынгу Марыі Шарапавай: "Гэта жыццё, зараз я другая ракетка ў свеце. Але ж ёсць магчымасць зноў стаць першай, таму мяне гэта абсалютна не засмучае — нават дадатковая матывацыя з`яўляецца".

Тлумачэнні апошніх няўдач на корце? "Лёгкіх матчаў, у прынцыпе, няма, — заўважае Азаранка. — Бываюць цяжкія сапернікі, нейкія акалічнасці, бывае, знаходзішся не ў лепшай форме. Нельга ж гуляць заўсёды ідэальна, правільна? Так што, насамрэч, тлумачэнняў няма — гэта жыццё, гэта спорт".

БелаПАН, 12 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/309/14591
Текущая дата: 06.11.2024