Белорусский портал в Казахстане

Вікторыя Азаранка па-ранейшаму ўзначальвае сусветны адзіночны рэйтынг, Максім Мірны — парны



У апублікаваным 28 мая новым рэйтынг-лісце Жаночай тэніснай асацыяцыі беларуска Вікторыя Азаранка працягвае ўтрымліваць першы радок. Азаранка ўзначальвае сусветны рэйтынг ужо 18-ты тыдзень запар. У новай версіі рэйтынгу ў яе 9.020 ачкоў. На другой пазіцыі расіянка Марыя Шарапава — 8.390 балаў.

Затым ідуць полька Агнешка Радваньска (7.350), чэшка Петра Квітава (6.275), амерыканка Серэна Уільямс (5.695), аўстралійка Саманта Стосур (5.440), кітаянка На Лі (4.965), францужанка Марыён Барталі (4.870), датчанка Каралін Вазняцкі (4.586), немка Ангеліка Кербер (3.560).

У адзіночным разрадзе яшчэ дзве беларускі ўваходзяць у першую сотню тэнісістак: Вольга Гаварцова — 77-я (847), Анастасія Якімава — 100-я (670).

У парным рэйтынгу Азаранка знаходзіцца на 38-й пазіцыі (2.153). У сотню ўваходзяць яшчэ дзве беларускі: Гаварцова — 46-я (1.900) і Таццяна Пучак — 94-я (831). Лідзіруюць амерыканкі Лізэль Хубер і Лайза Рэйманд (у абедзвюх па 10.040).

Мужчынскі парны рэйтынг чацвёрты тыдзень запар узначальваюць беларус Максім Мірны і яго партнёр канадзец Дэніел Нестар. У новай версіі табеля аб рангах у іх па 9.450 ачкоў. У братоў Боба і Майка Браянаў са ЗША, якія лідзіравалі раней, а цяпер займаюць 3—4-е месцы, 8.430 балаў.

У мужчынскім адзіночным разрадзе лепшы з беларусаў Уладзімір Ігнацік займае 258-е месца (187), Сяргей Бетаў — 461-шы (78), Дзмітрый Жырмонт — 565-ты (47). Лідзіруюць серб Новак Джокавіч (11.800), іспанец Рафаэль Надаль (10.060) і швейцарац Роджэр Федэрэр (9.790).

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 28 мая 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/310/14338
Текущая дата: 06.11.2024