Белорусский портал в Казахстане

Мірны і Нестар другі год запар выйгралі "Ралан Гарос"



Максім Мірны і Дэніел Нестар другі год запар выйгралі адкрыты чэмпіянат Францыі па тэнісе.

9 чэрвеня ў фінальным матчы першыя ракеткі свету з лікам 6:4, 6:4 перамаглі амерыканскіх братоў-блізнятаў Боба і Майка Браянаў, якія дзеляць трэцяе месца ў рэйтынгу.

Абодва сэты пачыналіся з падачы Браянаў. Яны выйгравалі стартавыя геймы і мелі брэйк-пойнты ў другіх, але беларус і канадзец абодва разы адыгрываліся і зраўнівалі лік. У вырашальным гейме яны вялі 30:0, затым шанцы сталі роўнымі — 40:40, аднак апошнія два розыгрышы засталіся за Мірным і Нестарам: спачатку канадзец зрабіў эйс на другой падачы, а затым адзін з Браянаў на прыёме паслаў мяч у аўт.

Статыстыка: брэйк-пойнты — 2/10 : 0/4, эйсы — 8:1, двайныя памылкі — 2:3, працэнт розыгрышу мячоў на першай падачы — 61:65, працэнт выйгрышу першай падачы — 69:65, другой падачы — 56:54.

Пасля гульні Мірны назваў Браянаў "вялікай камандай", а свой удзел на "Ралан Гарос" — вялікім вопытам.

Беларускі тэнісіст выйграў адкрыты чэмпіянат Францыі чацвёрты раз. У 2005 і 2006 гадах ён заваяваў тытул са шведам Ёнасам Б`ёркманам. Нестар перамагаў у фіналах 2007 і 2010 гадоў (з Маркам Ноўлзам з Багамскіх астравоў і Ненадам Зімонджычам з Сербіі). Усяго на рахунку Мірнага шэсць перамог на турнірах "Вялікага шлема" (у 2000 і 2002 гадах выйграваў адкрыты чэмпіянат ЗША) і 44 — у цэлым на турнірах АТП.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 10 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/310/14546
Текущая дата: 06.11.2024