Белорусский портал в Казахстане

Спартыўныя перамогі на Алімпійскіх гульнях дэманструюць поспехі развіцця дзяржавы



Аб гэтым 10 ліпеня, выступаючы на ўрачыстай цырымоніі провадаў беларускіх спартсменаў на ХХХ летнія Алімпійскія гульні ў Лондане, заявіў Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка.

"Спорт — гэта найвышэйшы ўзровень дыпламатыі"

"Трыумф спартсмена ўзнімае краіну ў вачах сусветнай супольнасці, фарміруючы яе станоўчы імідж. Гэта дэманстрацыя поспехаў развіцця самой дзяржавы", — сказаў Прэзідэнт.

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, размова ідзе не проста аб асабістых спартыўных выніках, хоць гэта таксама вельмі важна. "У Лондане вы будзеце спаборнічаць у першую чаргу за прэстыж роднай краіны, дзе ён будзе вымярацца месцамі на п`едэстале. Бо спорт — гэта найвышэйшы ўзровень дыпламатыі", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што чатыры гады таму ў Пекіне беларускія атлеты хоць і не выканалі абяцанае, але прадэманстравалі высокі ўзровень майстэрства, заваяваўшы 19   медалёў. Гэта дазволіла Беларусі ўвайсці ў дваццатку вядучых спартыўных дзяржаў свету. "Але наперадзе ў вас новы і вельмі строгі экзамен. Упэўнены, у гэтай зале сабраліся тыя, хто цудоўна разумее, якая высокая місія на іх ускладзена. Людзі, для якіх слова "патрыятызм" не пусты гук", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да спартсменаў, Прэзідэнт адзначыў, што кожны раз, калі яны выходзяць на старт, за імі пільна сочаць не толькі іх родныя, але і ўсе суайчыннікі, а таксама сябры і непрыяцелі, сапернікі з усіх куткоў планеты. "На алімпійскім сходзе былі вызначаны галоўныя задачы на наступныя Гульні. Ведаю, што выканаць іх будзе неймаверна цяжка. Давядзецца спаборнічаць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на мяжы чалавечых магчымасцяў. Аднак упэўнены, што вы дастойна здолееце ўсё пераадолець. Бо ў складзе нашай каманды адны з мацнейшых атлетаў сучаснасці, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта Кацярына Карстэн, для якой лонданская Алімпіяда стане шостай у спартыўнай кар`еры, Вікторыя Азаранка, алімпійскія чэмпіёны Раман Петрушэнка і Вадзім Махнёў, прызёры Алімпійскіх гульняў Іван Ціхан, Надзея Астапчук, Настасся Новікава і многія іншыя. Многія члены нашай спартыўнай дэлегацыі маюць вопыт выступлення на галоўных гульнях чатырохгоддзя".

Асобна Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўпершыню ў навейшай гісторыі адзіная з краін былога СССР беларуская маладзёжная зборная па футболе ва ўпартай барацьбе заваявала права ўдзельнічаць у алімпійскім турніры.

"Хачу, каб вы разумелі, што ў спорце ўсё бывае. Але толькі не на Алімпійскіх гульнях. Да Алімпійскіх гульняў чалавек рыхтуецца і рыхтуе ўсе рэзервы, якія ў яго ёсць. І "ўсё" быць не можа, можа быць толькі перамога. За гэтым кожны спартсмен туды едзе, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Так, удзельнічаць добра, але галоўнае не ўдзел, а перамога. Вось вам мой наказ ад імя беларускага народа".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў алімпійцам, каб яны выступілі дастойна, зрабіўшы тое, што яны ўмеюць, пакінуўшы ў баку хваляванне. "Вы павінны навучыцца берагчы сябе ад залішняга псіхалагічнага націску. Калі вы гэта зробіце, вы выйграеце і прывезяце тыя медалі, якія ад вас чакае краіна", — даў наказ Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што высока цэніць кожнае паспяховае выступленне спартсменаў і работу трэнераў. "Дзяржава для вас зробіць усё. Заваюйце гэтыя ўзнагароды і перад вамі ў нашай краіне будуць раскрыты ўсе дзверы, у тым ліку і да Прэзідэнта", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама ўручыў спартсменам дзяржаўныя ўзнагароды за высокае прафесійнае майстэрства і выдатныя спартыўныя дасягненні. У тым ліку ордэнам Айчыны ІІІ ступені ўзнагароджана беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка. Ганаровага звання "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь" удастоены галоўны трэнер алімпійскай зборнай каманды Беларусі па футболе Георгій Кандрацьеў.

Вікторыя Азаранка падарыла кіраўніку дзяржавы сваю тэнісную ракетку.

Затым алімпійскі чэмпіён сцяганосец ХХІХ летніх Алімпійскіх гульняў Аляксандр Раманькоў перадаў Аляксандру Лукашэнку Дзяржаўны сцяг, які Прэзідэнт уручыў капітану алімпійскай каманды Кацярыне Карстэн.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб на Алімпійскіх гульнях усім спадарожнічала ўдача, а вянцом працы сталі ўзняцце Дзяржаўнага сцяга і выкананне гімна краіны: "Помніце аб тым, што вы куяце славу роднай Беларусі".

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Звязда, 11 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/311/15061
Текущая дата: 26.12.2024