Белорусский портал в Казахстане

Беларуска Вікторыя Азаранка захавала першае месца ў сусветным рэйтынгу, нягледзячы на зняцце з тэніснага турніру ў Дубаі



Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка захавала першае месца ў сусветным рэйтынгу, на якое яна ўзнялася 30 студзеня пасля перамогі ў Australian Open, нягледзячы на тое што на мінулым тыдні ёй давялося зняцца з турніру ў Дубаі з-за траўмы.

Новы рэйтынг ВТА, апублікаваны 27 лютага, Азаранка ўзначальвае з 8.980 ачкамі. На другой пазіцыі — расіянка Марыя Шарапава (7.680), на трэцяй — чэшка Петра Квітава (7.095).

У першую сотню ВТА уваходзяць яшчэ дзве беларускія тэнісісткі — Анастасія Якімава займае 64-е месца (964), Вольга Гаварцова — 78-е (815).

У парным рэйтынгу ў сотню ўваходзяць тры беларускі: Вікторыя Азаранка — 18-я, Вольга Гаварцова — 60-я, Таццяна Пучак — 87-я.

У мужчынскім адзіночным рэйтынгу наперадзе серб Новак Джокавіч (13.130), другое месца ў іспанца Рафаэля Надаля (10.435), а трэцім ідзе швейцарац Роджэр Федэрэр (8.235). Сярод беларусаў лепшы Уладзімір Ігнацік — 220-я пазіцыя (219).

У парным мужчынскім рэйтынгу Максім Мірны і яго партнёр канадзец Дэніэль Нестар, якія выйгралі ў нядзелю турнір у Мемфісе, займаюць трэцяе і чацвёртае месцы (у абодвух па 8.310 ачкоў), саступаючы амерыканцам братам Бобу і Майку Браянам (у абодвух — 9.120).

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 27 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/318/12531
Текущая дата: 06.11.2024