Белорусский портал в Казахстане

24-ты гульнёвы нумар будзе назаўсёды замацаваны ў зборнай за Русланам Салеем



24-ты гульнёвы нумар будзе назаўсёды замацаваны ў зборнай за Русланам Салеем, паведаміла прэс-служба Федэрацыі хакея па выніках пасяджэння выканкама ФХРБ, якое прайшло 30 верасня.

Гульнёвая майка хакеіста будзе ўрачыста паднята пад купал "Мінск-Арэны" перад першым дамашнім матчам нацыянальнай зборнай Беларусі ў гэтым сезоне.

Выканкам пастанавіў заснаваць Залу хакейнай славы. Першым яе членам стане Руслан Салей, які загінуў 7 верасня ў авіякатастрофе пад Яраслаўлем. Паводле слоў старшыні федэрацыі Яўгена Ворсіна, будзе распрацавана адпаведнае палажэнне, якое дазваляе ўключаць у Залу хакейнай славы хакеістаў, якія маюць выдатныя заслугі.

Турнір памяці Салея вырашана штогод праводзіць у Мінску ў першых днях верасня. Удзельнікамі мемарыялу будуць мінскае "Дынама", чэмпіён Беларусі і яшчэ два замежныя хакейныя клубы.

Выканкам падтрымаў ініцыятыву партала Goals.by аб устанаўленні скульптуры Руслана Салея.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 30 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/326/9524
Текущая дата: 05.11.2024