Белорусский портал в Казахстане

Вывучаць "Гальшанскі альфабэт"



У Гальшанах працуе выстава "Гальшанскі альфабэт", прысвечаная гісторыі славутага Гальшанскага замка, мястэчку Гальшаны і новым знаходкам архівістаў і археолагаў.

Выставу арганізавалі Беларускі фонд культуры, беларускі ІКАМОС, Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА і кіраўніцтва Ашмянскага раёна. "Гальшанскі альфабэт" павінен стаць штуршком для пачатку грунтоўнай акадэмічнай працы па рэканструкцыі і кансервацыі ўнікальнага Гальшанскага замка, на якую пакуль катастрафічна не хапае фінансавых сродкаў...

Мясцовыя людзі распавядаюць, што кожны дзень у Гальшаны прыязджае па некалькі аўтобусаў з замежнымі турыстамі, у асноўным з Літвы. Яны самі недзе спыняюцца, самі нешта разглядаюць. Але, трэба сказаць, разглядаць не вельмі ёсць што. На Гальшанскім гарадзішчы марудна ідуць раскопкі, Гальшанскі замак таксама не ў самым прэзентабельным выглядзе.

Мяркуецца, што раней у Беларусі было каля 120 замкаў. Беларусь сапраўды была краінай замкаў! Сёння засталося каля 38. Але самі можаце ўявіць, у якім большасць з іх занядбаным стане. Праграма Міністэрства культуры "Замкі Беларусі", праўда, прадугледжвае паступовае прывядзенне ўсіх замкаў у належны стан. Але, але... Калі гаворка ідзе пра грошы, то на культуру ў нас, бывае, забываюцца... Не хочацца, каб лічба 38 пераўтварылася ў знак бясконцасці. Гальшанскія мясцовыя ўлады, Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА выдаткоўваюць пэўныя сродкі на археалагічныя работы ў Гальшанах. Але гэтых грошай катастрафічна не хапае.

Вось і выстава "Гальшанскі альфабэт" — своеасаблівая справаздача пра тое, што зроблена ў Гальшанах навукоўцамі і пра тое, што яны яшчэ мараць зрабіць. На стэндзе — фрагменты плана сядзібы Гальшаны 1707 і 1834 гадоў. А побач — тагачасныя планы Парыжа, Берліна і іншых еўрапейскіх сталіц. Гісторыкі сцвярджаюць, што ў параўнанні з імі Гальшаны зусім не прайграюць. Удалося высветліць, дзе знаходзіліся гальшанская паперня і сінагога, якая згарэла ў гады Першай сусветнай вайны. Цымусам выставы стала выява гіпатэтычнай рэканструкцыі Гальшанскага замка, адноўленая выключна па гістарычных дакументах і паперах, без уліку практычных напрацовак.

Ігар Раханскі, кіраўнік праектнага бюро грамадскай арганізацыі "Беларускі міжнародны камітэт "Ікамос" распавядае:

— На выставе прадстаўлены нашы знаходкі падчас гісторыка-архіўнага і бібліяграфічнага пошуку ў архівах Польшчы, Літвы, Беларусі. На падставе гэтага іканаграфічнага матэрыялу (старыя мапы, фотаздымкі, тэксты) — мы паспрабавалі зрабіць так званую гіпатэтычную рэканструкцыю Гальшанскага замка. Самога замка, замкавай капліцы, яе роспісу. Адметна, што ў раскопках Гальшанскага замка і гарадзішча ўдзельнічаюць валанцёры — вучні гальшанскай і ашмянскай гімназій. Шаноўныя сябры, вы таксама можаце дапамагчы навукоўцам у археалагічнай працы.

З`ездзіце ў Гальшаны, паглядзіце на хоць і сціплую з выгляду, але змястоўную выставу, натхніцеся. І пішыце Паўлу Кеньку, малодшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута гісторыі НАН Беларусі (раvеlkеnkо@tut.bу). Ён адзін з тых, хто ўзначальвае археалагічныя работы на тэрыторыі гальшанскага гарадзішча і Гальшанскага замка. І ваша дапамога там заўжды вельмі патрэбная.

Вольга Чайкоўская
Звязда, 26 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/328/10148
Текущая дата: 27.12.2024