У чвэрцьфінале 28 чэрвеня Азаранка (5 нумар рэйтынгу) перамагла аўстрыйку Таміру Пашак (80): 6:3, 6:1. Матч доўжыўся 1 гадзіну 24 хвіліны, і падчас дажджу быў перанесены з адкрытага корта на цэнтральны, абсталяваны дахам. У паўфінале Вікторыя згуляе з восьмай ракеткай свету чэшкай Петрай Квітавай, якая летась тут таксама гуляла ў паўфінале. Менавіта гэтая суперніца ў 2010-м і выбіла беларуску ў 1/16 Уімблдона з далейшага розыгрышу.
На нядаўнім турніры ў Мадрыдзе чэшка таксама ў фінале перамагла Азаранку. Так што, нягледзячы на роўны пакуль лік у асабістых сустрэчах (2:2), невялікая перавага па выніках апошніх матчаў пакуль на баку Петры Квітавай. Аднак мы ведаем і волю да перамогі нашай Вікторыі, якой спецыялісты прадракаюць фінал з Марыяй Шарапавай. Прычым сама Вікторыя загадзя здавацца прычын не бачыць:
— Гэта зусім розныя сустрэчы. Няважна, як мы гулялі ў Лондане летась. Петра знаходзіцца ў выдатнай форме, паказвае добры тэніс, так што мне трэба згуляць свой лепшы матч на Уімблдоне, каб прабіцца ў фінал.
Марыя Шарапава (6) таксама няблага выглядае ў апошніх турнірах і на Уімблдоне выйшла ў паўфінал, дзе згуляе з немкай Сабін Лісіцкі (62).
Тым часам
Сапраўдны фурор выклікаў чарговы выхад у свет герцагіні Кембрыджскай — жонкі прынца Чарльза Кейт Мідлтан.
Пара з`явілася на Уімблдонскім турніры, каб "пахварэць" за шатландца Эндзі Марэя, які гуляў супраць француза Рышара Гаске. Як толькі новая брытанская прынцэса з`явілася на стадыёне, тэніс стаў цікавіць англійскую публіку значна менш, чым убор Кейт. Модныя дызайнеры ўсяго свету сыходзяцца на думцы, што за чарговы выхад у свет герцагіні Кембрыджскай ёй можна ставіць цвёрдую пяцёрку. Застаецца дадаць, што для паходу на тэніс жонка прынца Уільяма апранула рамантычную белую сукенку, апрацаваную плісіроўкай, узяла белы клатч і абула бэжавыя туфлі-лодачкі, якія, згодна з галівудскім правілам, выдатна падыходзяць да сукенкі любога колеру.
Алена Аўчыннікава
Звязда, 30 чэрвеня 2011