Нядаўна карэспандэнт "Звязды" наведаў адну са старэйшых здраўніц знакамітага горада — курорта (створана ў 1946 годзе). І было прыемна пераканацца, што яна заслужана лічыцца там сярод лепшых.
Наша даведка
Друскенікі былі звычайнай вёскай, пакуль кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі сваім дэкрэтам ад 20 чэрвеня 1794 года не аб`явіў гэтыя мясціны здраўніцай. А ў 1837 годзе пасля таго, як былі надрукаваны вынікі праведзеных там аналізаў мінеральнай вады, рускі імператар Мікалай І зацвердзіў праект курорта.
Што лечыць друскеніцкая мінеральная вада?
Яна эфектыўная пры лячэнні страўнікавых, кішэчных, мышачных, сустаўных, сардэчна-сасудзістых, гінекалагічных захворванняў, а таксама хвароб пазваночніка, нервовай сістэмы.
Чым карысная тарфяная гразь?
Лячэбныя гразі прымяняюцца пры захворваннях злучальнай тканкі, шкілетна-мышачнай сістэмы, органаў стрававання, суставаў, нерваў, дыхальнай сістэмы.
Якое паветра?
Суперэкалагічнае. Мяккі клімат, іанізаванае паветра ў спалучэнні з сасновымі лясамі і адсутнасцю ў радыусе 50 кіламетраў прамысловасці, якая б забруджвала навакольнае асяроддзе, — ячшэ адзін лячэбны фактар курорта.
...Пасля перасячэння беларуска-літоўскай мяжы дзясяткі аўтамабіляў з запоўненымі гаручым бакамі недзе "раствараюцца", і тут, у Друскеніках, вы трапляеце быццам у зусім іншую, далёкую ад розных праблем рэальнасць. Якія там візы, валютны курс, чэргі на пагранпераходзе, салярка ці бензін? Гэта недзе далёка, быццам у іншым жыцці. А тут, у прыватнасці, і паняцця такога няма, як "гадзіна пік" з яго транспартнымі нязручнасцямі. Насустрач — лічаныя машыны, ды і пешаходаў зусім мала на вуліцах. Мо, думаю, усе цяпер папраўляюць здароўе лячэбнымі працэдурамі ў санаторыях, а "ў людзі" выйдуць толькі на вячэрні праменад?
Праўда, ад рэальнага жыцця ўсё ж нікуды не дзецца. І вось яна, "карцінка з натуры". Яшчэ адзін са "старажылаў" курорта, санаторый "Нямунас", куды прыязджалі з усіх куткоў былога СССР, па нейкіх прычынах страціў ранейшых гаспадароў і, пакуль не знайшоўшы новых, ужо даўно мазоліць вочы пустуючай шматпавярхоўкай. Тым больш цікава: а як жа жывецца яго суседу?
Санаторый "Беларусь" знаходзіцца ў цэнтральнай частцы курорта, у лесапаркавай зоне ля Нёмана. Літаральна побач — буйнейшы ва Усходняй Еўропе аквапарк, бюветы з мінеральнай вадой, гарадская плошча забаў, мемарыяльны музей мастака і кампазітара Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса. А неўзабаве, таксама ў непасрэднай блізкасці ад беларускай здраўніцы, завершыцца будаўніцтва круглагадовай крытай лыжнай трасы.
Спыняюся на аўтастаянцы ля санаторыя "Беларусь". Малады мужчына заўважае, што аўтар гэтых радкоў не выключыў фар, з якім у Літве з ўключаным святлом фар неабходна рухацца ў любы час сутак. У нас такую норму, памятаеце, таксама увялі, аднак неўзабаве адмянілі. Дзякую за падказку (калі б не ўключыў святло падчас руху і трапіў на вочы паліцыі, то, мабыць, не мінаваць буйнога штрафу) і цікаўлюся, адкуль ён прыехаў у Друскенікі. Аказваецца, з Гомельшчыны. А побач — машыны з нумарнымі знакамі іншых беларускіх абласцей, а таксама з літоўскімі, польскімі. Звычайная справа, як патлумачыў крыху пазней галоўны ўрач санаторыя Андрэй Кобель. Прыязджаюць таксама з Расіі, Германіі, Ізраіля і іншых краін, што сведчыць аб канкурэнтаздольнасці беларускай здраўніцы на курортным рынку. Рады ўсім, з той толькі розніцай, што для беларусаў расцэнкі некалькі таннейшыя.
— Вітаю на беларускім "астраўку" літоўскай зямлі, — сустракае карэспандэнта "Звязды" Андрэй Кобель.
Нічога сабе, думаю, "астравок", калі даведваюся аб яго маштабах. У штаце санаторыя каля 400 (!) супрацоўнікаў, у тым ліку каля 70 — з беларускім пашпартам. Ёсць і шмат беларусаў, якія стварылі ў Друскеніках сем`і, атрымалі кватэры і прынялі літоўскае грамадзянства. Але пры гэтым не страцілі пашаны да сваіх каранёў. У санаторыі, дарэчы, ёсць таварыства "Спадчына", праводзяцца святы нацыянальнай культуры. А ў школе пры здраўніцы для дзяцей, якім патрабуецца працяглая па часе медыцынская дапамога (з беларускай вучэбнай праграмай і поўным камплектам падручнікаў), стварылі музей беларускіх народных промыслаў — ткацтва, вышыўкі.
На шчасце, нашаму "астраўку", як распавёў кіраўнік санаторыя і на свае вочы ўбачыў журналіст, хвалі пераходнага перыяду ад савецкай планавай да сучаснай рынкавай эканомікі, у адрозненне ад таго ж "Нямунаса", не пашкодзілі. Больш за тое, за апошні час здраўніца, якая ўваходзіць у сістэму Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі, атрымала, так бы мовіць, другое дыханне. Асабліва пасля ўводу ў 2007 годзе да паслуг кліентаў новага дзесяціпавярховага комплекса.
Андрэй Кобель прапануе спачатку азнаёміцца са здраўніцай. У якасці "гіда" — яго намеснік па медыцынскай частцы Джэма Кісель — дарэчы, наша зямлячка з вёскі Новая Руда Гродзенскага раёна. Цяпер карпусы санаторыя запоўнены на сто працэнтаў (увогуле 539 ложкаў), ды і на ліпень — жнівень усе месцы ўжо заказаны. Профіль здраўніцы — лячэнне захворванняў органаў стаўнікава-кішачнага тракту, апорна-рухальнай сістэмы, неўралагічных захворванняў, у тым ліку цэрэбральнага паралічу ў дзяцей. Дзіцячы кірунак у санаторыі "Беларусь" заўсёды быў прыярытэтным і такім застаецца і зараз. Але ўжо на новым ўзроўні: каб дзіця не проста прыехала адпачыць, а каб дасягнуць максімальнага аздараўленчага выніку. Прычым створаны ўсе ўмовы для знаходжання ў санаторыі дзяцей разам з бацькамі (больш падрабязна з умовамі атрымання пуцёўкі ў санаторый "Беларусь" можна азнаёміцца ў кожным абласным падраздзяленні Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні).
— Мы бачым, што лячэнне ў нас вельмі эфектыўнае, амаль 99 працэнтаў — ёсць станоўчая дынаміка, — зазначае Андрэй Кобель. — Дзякуючы таму, што ўжо ўмеем не толькі граматна выкарыстоўваць беларускі бюджэтны складальнік. Штогод абараняем у Кіраўніцтве справамі Прэзідэнта Беларусі бізнэс-план і ўжо навучыліся самі зарабляць грошы, маем прыбытак, які, згодна з нашым статутам, накіроўваецца толькі на далейшае развіццё прадпрыемства, набыццё самага сучаснага дыягнастычнага і лячэбнага абсталявання. Можам, так бы мовіць, залезці ва ўсе "адтуліны" чалавечага арганізма і паглядзець, дзе патрэбна лячэнне.
Дарэчы, у Друскеніках толькі ў санаторыі "Беларусь" прапануюцца сапрапелевыя гразевыя аплікацыі, якія актывізуюць ахоўныя сілы арганізма і садзейнічаюць выздараўленню. У так званым саляным пакоі лечаць хранічныя захворванні дыхальнай сістэмы, скуры. Прымяняюць і гірудатэрапію — лячэнне п`яўкамі. Маюць уласную водалячэбніцу, басейн з падводным струмневым масажам, саўну ... А яшчэ тут ёсць трэнажорная і фітнэс-залы, кінаканцэртная зала, бібліятэка, більярдная ...
Як вырашаюцца для беларускіх грамадзян візавыя пытанні?
— Я вельмі ўдзячны пасольству Літвы ў нашай краіне за той добры крок, які ім зроблены: шэсць тысяч бясплатных віз для тых беларусаў, хто едзе не проста адпачываць — лячыцца, — гаворыць Андрэй Кобель.
Дарэчы, нядаўна ў Друскеніках Савет самакіравання вызначыў мясцовую пошліну за карыстанне інфраструктурай — два літы за кожную ноч, праведзеную ў горадзе. Гэтыя сродкі мяркуецца накіраваць на добраўпарадкаванне курорта, сквераў і паркаў. Аднак дзяцей, якія прыехалі на лячэнне ў санаторый "Беларусь", гэтая пошліна не тычыцца. Яшчэ адзін добрасуседскі крок.
... Перад ад`ездам у Гродна знаёмлюся, і не толькі ў меню, з асартыментам страў, што прапануюцца гасцям здраўніцы. Гэта, асабліва для іншаземцаў, як сапраўдная "школа" беларускай кухні. Нічога дзіўнага, калі даведваешся, што загадчыца харчовага падраздзялення санаторыя Галіна Бекіш (каля 600 месцаў — дзве сталовыя і кавярня) родам з вёскі Парэчча Гродзенскага раёна. Наш чалавек на зусім не чужой для нас літоўскай зямлі.
Барыс Пракопчык
Звязда, 4 чэрвеня 2011