Белорусский портал в Казахстане

"Сем цудаў Беларусі": Галоўны цуд — сама Беларусь.



З такой высновай пагадзіліся ўсе ўдзельнікі круглага стала ў рэдакцыі “Народнае Газеты”, на якім абмяркоўвалася пытанне, што ж можа прэтэндаваць на званне “Цуд Беларусі”.

Забягаючы наперад, з задавальненнем адзначым, што гаворка не абмежавалася заяўленай тэмай; разам з ёй у працэсе змястоўнага абмеркавання былі закрануты і іншыя актуальныя, а падчас і балючыя праблемы: захавання і ратавання спадчыны, надання аб’ектам турыстычнай прывабнасці, неабходнасць большай ініцыятывы мясцовых улад... Зрэшты, так заўжды бывае, калі збіраюцца людзі зацікаўленыя і нераўнадушныя.

Мы вырашылі, што ў межах нашага праекта прыйшоў час даць слова спецыялістам і навукоўцам, якія да аб’ектаў галасавання маюць самае непасрэднае дачыненне. Да ўдзелу ў круглым стале былі запрошаны:

Валерый Марозаў, доктар архітэктуры, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі архітэктуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта

Наталля Жаркіна, намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Аксана Сматрэнка, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры

Валянцін Мазец, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай дзяржаўнасці Інстытута гісторыі

Янка Крук, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры этнаграфіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва

Ці павінен цуд быць дзівам?

Валерый Марозаў:
— На маю думку, пры выбары аб’ектаў трэба кіравацца тым, што цуд — гэта штосьці такое незвычайнае, загадкавае, чаго больш няма і што цяжка растлумачыць. Хоць можна казаць пра цуд як пра самае велічнае і значнае з пункта яго мастацкасці. Калі па такім прынцыпе складаць іерархію архітэктурных аб’ектаў, то на першае месца я паставіў бы Нясвіж Радзівілаў. Прычым не замак асобна, не езуіцкі касцёл з родавай  пахавальняй, а ўвесь горад-лабірынт — агульны комплекс.  Усе іх аб’ядноўваюць Радзівілы, самы вядомы, багаты і загадкавы род на Беларусі. Па сваёй захаванасці, велічнасці Нясвіж пераважвае нават Полацк, у якім за стагоддзі больш пацярпелі і планіроўка, і гістарычныя будынкі.

Другім аб’ектам можа быць Мірскі замак з-за свайго незвычайнага лёсу. Ён быў пабудаваны не для таго, каб жыць і абараняцца, а для таго, каб адзін з князёў Ільінічаў атрымаў княжацкі тытул. Але будаваўся ён пры наяўнасці вялікіх грошай і кваліфікаваных нямецкіх спецыялістаў, таму сёння па памерах і мастацкай вартасці Мірскі замак не ўступае многім замежным замкам.

Далей я назваў бы Сафійскі сабор у Полацку. Храм мае даўнюю гісторыю, звязаны з прыняццем хрысціянства на нашай зямлі. Што ў ім дзіўнага? Сабор быў разбураны і адноўлены ў ХVІІІ стагоддзі ў абсалютна новым абліччы — стылі віленскага барока.

На чацвёртае месца я паставіў бы як найцікавейшую ў архітэктуры з’яву яшчэ адзін беларускі горад —  Гомель Румянцавых. Граф Мікалай  Румянцаў знёс на тэрыторыі сучаснага Гомеля старое мястэчка, а на яго месцы стварыў згодна са сваімі задумкамі ідэальны горад эпохі Асветніцтва — горад Сонца, якому даў лепшае, што было на той час вядома ў свеце. Менавіта гэты горад і стаў галоўнай справай яго жыцця, а не бібліятэка, як многія лічаць.

Несумненна, нельга не ўзгадаць Барысаглебскую, ці Каложскую царкву ў Гродне. Гэта незвычайны храм. Нідзе больш у Беларусі не сустракаецца падобная цагляна-каменная кладка. Ды і яе дзівоснае супрацьстаянне Нёману, які колькі стагоддзяў спрабуе разбурыць храм, варта ўвагі і павагі.

“НГ”: -  Вельмі цікава вы сказалі пра тое, што Нясвіж — гэта не толькі рэзідэнцыя, але і цэлы горад-лабірынт. Для многіх чытачоў, мяркуем, гэта стане адкрыццём. Гомель — наогул незвычайная версія. З Нясвіжам больш-менш зразумела — ён добра захаваўся, а Гомель з часоў Румянцава стаў, можна сказаць, мегаполісам. Ці шмат ад таго горада Сонца засталося?

Валерый Марозаў:
— Што такое горад? Калі нават штосьці разбураецца ў ім, сама структура і планіроўка не змяняюцца. Ландшафт таксама застаецца той жа. Так што і сёння Гомель па планіроўцы, па напрамку вуліц — усё той жа ідэальны горад, якім яго ўбачыў і стварыў граф Румянцаў.

Аксана Сматрэнка:
— Валерый Францавіч правільна адзначыў аб’екты, якія могуць прэтэндаваць на званне цуду Беларусі. Але яны сёння ўжо прызнаныя і ў нашай краіне, і на сусветным узроўні. Праект жа вашай газеты дазваляе прааналізаваць кожнаму жыхару краіны гісторыю на сваім нейкім невялікім участку. І тут нават больш цікава, каб людзі даведаліся пра аб’екты, якія не вельмі гучныя.

Мне здаецца, для Беларусі цуд — гэта аб’ект, які скрозь стагоддзі дайшоў да нас, нягледзячы на войны, змены ўлады, эканамічныя ўзрушэнні. І ў гэтым плане я адзначыла б Спаса-Праабражэнскую царкву ў Полацку. Яна, некранутая, дайшла да нас з ХІІ стагоддзя. Пра яе ўнікальныя роспісы ніхто да нядаўняга часу нават не ведаў, паколькі яны былі пакрыты тоўстым пластом копаці, сцены былі чорныя. Аказваецца, царква распісана ад падлогі да самага купала. Да таго ж — у тры слаі!..

Наогул казаць, які аб’ект лепшы, які горшы, немагчыма. Аднак, на мой погляд, большую ўвагу трэба ўдзяляць аб’ектам у глыбінцы. Тыя ж сядзібы ў вёсках, чым яны ўнікальныя? Яны дазвалялі развівацца мясціне. Пры сядзібах існавалі мануфактуры, тэатры, на сцэнах якіх ігралі прыгонныя сяляне. На той перыяд гэта быў востраў культуры.

Наталля Жаркіна:
— Што такое цуд? Гэта сапраўды нешта такое, што цяжка патлумачыць. І мне здаецца, што прыродныя аб’екты, як ніякія іншыя, падыходзяць пад гэты статус. Да таго ж кожны з іх захоўвае ўнікальную гісторыю.

Колькі ў нас па краіне старажытных дубоў, якім па пяцьсот і больш гадоў!.. Толькі ўявіце сабе, колькі яны бачылі  князёў, ваяводаў, падзей... Вы пачалі сапраўды ўнікальны, рознабаковы і шматгранны праект. Па выніках галасавання, што ідзе на сайце “НГ”, магчыма, мы лішні раз пацвердзім, што нездарма ўключылі ў спіс сусветнай спадчыны замкі, ці выявім нейкую ўнікальную крыніцу, да якой не зарастае народная сцежка і слава пра якую перадаецца з вуснаў у вусны. Не трэба ніякага радыё і тэлебачання. Людзі проста туды ідуць, бо вераць у гаючую сілу гэтага месца ці помняць нейкую легенду, звязаную з ім...

“НГ”:
- Падчас паездак па рэгіёнах краіны ў межах праекта нашы журналісты сустракаліся часта з аб’ектамі, не зусім характэрнымі для Беларусі. Да прыкладу, з цюльпанавым дрэвам у Пінскім раёне. Скажыце, ці было нейкае вывучэнне, як гэтыя аб’екты трапілі да нас?


Наталля Жаркіна:

— Наогул для аб’яўлення аб’ектаў і тэрыторый, якія асабліва ахоўваюцца, неабходна навуковае абгрунтаванне. Калі ёсць сведчанні, напрыклад кім і калі было пасаджана тое ці іншае дрэва, яны абавязкова ўказваюцца ў навуковым абгрунтаванні. Так, вядома, што Румянцавымі былі завезены настолькі ўнікальныя дрэвы, што іх спрабавалі вывезці фашысты падчас Другой сусветнай. Але паколькі іх цяжка было знайсці сярод іншых дрэў у парку, яны захаваліся да сённяшніх дзён.

Ёсць прыродныя аб’екты, апісаныя ў кнігах, авеяныя легендамі. У рамане Элізы Ажэшкі “Над Нёманам” быў апісаны роў Яна і Цэцыліі. Гэты адметны рэльеф насамрэч існуе недалёка ад вёскі Багатырэвічы ў Мастоўскім раёне. Мы яго таксама ўзялі пад ахову.

Гэта цудоўна, што існуюць на нашай зямлі легенды. Мы стараемся даведацца пра гістарычнае значэнне помніка прыроды, які бяром пад ахову. Адна справа — пяцісотгадовы дуб, і зусім іншая — гэты ж дуб з пададзенай легендай, што ў яго дупле хаваўся кароль...

Вось як у той жа Белавежскай пушчы на тэрыторыі Польшчы — зваліўся дуб, палякі стварылі легенду, што там адпачываў князь Ягайла. Адпачываў ён там ці не, цяжка сказаць. Але заўсёды легенды прыцягваюць увагу і дапамагаюць упэўніць мясцовыя ўлады, што на гэтым месцы неабходна ствараць ахоўны рэжым.

Янка Крук:
— Найвялікшы цуд Беларусі — гэта сама Беларусь і мы з вамі, тыя, хто тут жыве. А цуды... Для кожнага існуе свой пералік помнікаў і цудаў. Помнікам і цудам, відаць, можна лічыць не той храм, што занесены ў нейкі спіс, а той, у якім вянчалася твая бабуля, матуля, дачушка. Вось тады гэта помнік гісторыі, бо ў ім ёсць нейкая намоленасць і пераемнасць.

А цуды — яны паўсюль, куды ні паедзь, у які раён ні завітай. Ёсць у  вёсцы Данілевічы Лельчыцкага раёна незвычайны помнік —  каменны крыж у выглядзе дзяўчыны. Само па сабе ўжо дзіва! Але дзіва было наперадзе. Нядаўна я хацеў сфатаграфаваць увесь помнік. Разгарнуў снег, а там, ля падножжа крыжа, каля паўсотні фартушкоў вышываных ляжыць. Мясцовыя людзі расказалі, што туды прыходзяць у велікодную поўнач жанчыны, якія не могуць нарадзіць дзяцей. Просяць дапамогі, пакідаюць фартушок. Калі той крыж  дапамог хоць адной жанчыне, ён заслугоўвае, каб звацца цудам. Бо за  гэтым стаіць намоленасць, энергетыка многіх пакаленняў...

Захаваць для сябе, паказаць іншым...


Аксана Сматрэнка:
— Міністэрства культуры вядзе ўлік каштоўнасцей нашай спадчыны, многія з якіх у спісе вашага праекта. Безумоўна, іх вельмі шмат.

Асабліва важным мы прысвойваем статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сёлета запланавана  павялічыць гэты спіс на тысячу аб’ектаў. Аднаму Міністэрству культуры гэта будзе складана зрабіць. Тут важна дапамога мясцовых улад, зацікаўленых людзей, якія, можна сказаць, штодзень ходзяць ля гэтах аб’ектаў, і, безумоўна, праекта “Народнай газеты”.

Мы доўга спрачаліся, ці варта пазначаць усе гэтыя аб’екты спецыяльным знакам. З аднаго боку, паставіш — прыйдзе чорны археолаг і пачне там шукаць нейкі скарб. З другога — на тэрыторыю ўжо не заедзе трактар, і каштоўны аб’ект не будзе незнарок пашкоджаны. Таму вырашылі ўсё ж такі пазначаць такія аб’екты.

“НГ”: - Але ў нашым спісе ёсць такія аб’екты, на якія не павесіш дошку. Мы маем на ўвазе аб’екты нематэрыяльнай спадчыны — мабыць, самыя  ўразлізвыя.  Яны могуць знікнуць разам з іх апошнімі носьбітамі. І мы нават можам гэтага не заўважыць.

Янка Крук:
— З аднаго боку, я баюся: крый божа, калі гэта ўсё знікне. А з другога — недзе  ў глыбіні душы веру: пакуль што не знікне. Так, не стане бабулі, але ўнучка падхопіць. Гэтыя рэчы не знікаюць, як не знікаем мы з вамі. Разам з тым гэты феномен у той праяве, у якой ён ёсць на сёння, безумоўна, хацелася б зафіксаваць. Можа, трошкі пазнавата, але тым не менш ёсць у нас шчаслівая мажлівасць гэтыя рэчы запісаць на відэа, захаваць, калі не навечна, дык надоўга. І надаць статус не толькі гэтым традыцыям, але і кавалку зямлі.

На Вадохрышча мы купаемся ў крынічцы. А ці ведаем мы, што кожная крынічка лечыць ад нечага аднаго? Хочацца стварыць карту, дзе будзе пазначана кожная крыніца і падпісана, ад чаго яна лечыць... Мне думаецца, тое, што зроблена газетай, — першы крок у тым, каб дапамагчы нашаму народу пазнаць сябе і свае традыцыі. Мы павінны паказваць людзям, што жывём на незвычайнай зямлі. І ўсе цуды — побач з намі.

“НГ”: -  Тут размова ідзе сапраўды пра ўменне падаць, паказаць. Тыя ж семежаўскія “Цары” атрымалі вядомасць дзякуючы намаганням менавіта мясцовых, капыльскіх краязнаўцаў, якія змаглі ўсё граматна і па-сучаснаму падаць...

Аксана Сматрэнка:
— А ўзяць тое ж беларускае вяселле. Нават сёння гэта ўнікальнейшая з’ява, з рэгіянальнымі асаблівасцямі. Наколькі я ведаю, метадычныя цэнтры на месцах вельмі шмат працуюць над зборам і захаваннем здабытага матэрыялу.

Янка Крук:
— Згодзен, метадычныя цэнтры змогуць прапанаваць, даць звесткі, але без навуковай аналітыкі гэтыя звесткі страцяць каштоўнасць.

Нядаўна тэлефануюць мне з Магілёўскага абласнога цэнтра: прыедзь, дапамажы. Аказалася, у іх ёсць унікальны абрад “Варвараўская свечка”, яны яго бачаць, але растлумачыць не могуць. Пасля званка  мы пасядзелі,  пакапаліся ў літаратуры, запісалі абрад на відэа. Затым прыязджаем туды, збіраем людзей, расказваем, што, як і, галоўнае, чаму трэба рабіць. Яны ўбіраюць усё гэта з вялікай цікаўнасцю. Але патрэбна дапамога. Мы сядзім у сталіцы, далёка ад гэтых абрадаў, але больш разумеем, чым яны на месцы. Меў рацыю намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, калі аднойчы прапанаваў: сёння ў метадычныя цэнтры, хаця б у абласныя, варта садзіць як мінімум  кандыдата навук, каб яны сапраўды працавалі з толкам і карысцю...

Наталля Жаркіна:

— Здавалася б, у гэтым плане прыродныя аб’екты захаваць прасцей. Але, каб захаваць, трэба найперш пераканаць мясцовыя ўлады, што на гэтым участку неабходна ствараць ахоўны рэжым. А для іх што гэта значыць? Калі мы ў лесе бяром пад ахову асобнае ўнікальнае дрэва, валун ці крыніцу, мы забараняем будаваць, капаць, карацей, весці любую гаспадарчую дзейнасць у нейкім радыусе, бо гэта можа пацягнуць за сабой пэўныя парушэнні аб’екта.

Не ўсім гэта падабаецца. Канешне, шмат літаральна наламалі дроў, калі вялі рэканструкцыю і Нясвіжа, і Міра. І Мінпрыроды, і Мінкультуры, я лічу, аднолькава неслі адказнасць. І сёння ўжо не так проста спілаваць дрэва ў нейкім парку. Заканадаўства строга сочыць за гэтым. Пад ахову дзяржавы ўзята сто паркаў, размешчаных на тэрыторыі палацаў і сядзіб. Паны не проста жылі заможным жыццём, яны спрабавалі акультурыць тэрыторыю, прывозілі цікавыя пароды дрэў, іншых раслін, якія захаваліся да нашага часу...

Аксана Сматрэнка:
— Мы павінны звяртаць увагу людзей на такую сувязь прыродных аб’ектаў з гісторыяй, паказваць іх каштоўнасць. На жаль, на месцах сапраўды разумення, здараецца, не сустракаем. Што забудоўшчыку нейкі там гістарычны ландшафт, калі выгадна на гэтым месцы ўсё разраўняць і паставіць шматпавярхоўку... Тое самае і з сядзібамі. Зараз многія з іх аднаўляюцца, але пры гэтым неабходна памятаць, што зберагчы як помнік трэба не толькі будынак, але і той жа старажытны парк, што расце побач.

“НГ”: - Вы закранулі вельмі цікавую тэму — сядзібы. Як паказвае галасаванне ў нашым праекце, многія з іх трапілі ў абласны этап. А гэта значыць, людзі імі цікавяцца, людзі гатовы ехаць туды, глядзець, адпачываць. Але да некаторых няма нават нармальнага пад’езду, не кажучы ўжо пра элементарную інфраструктуру: кавярню, сувенірную лаўку, прыбіральню, прабачце... Як яскравы прыклад — Крэўскі замак, куды з задавальненнем прыехалі б і палякі, і літоўцы, бо гэта — наша агульная гісторыя.

Аксана Сматрэнка:
— Не абавязкова ж масціць дарогу з паказальнікам ці рабіць аўтобусны прыпынак прама каля кожнай гістарычнай сядзібы. Будзе цікава чалавеку — ён падыдзе. Што датычыцца Крэўскага замка, то на гэты год запланавана фінансаванне яго рэстаўрацыі. Вядома ж, увесь замак у першапачатковым выглядзе аднавіць не ўдасца, але вежа Вітаўта, якая найбольш захавалася, будзе адноўлена.

Інфраструктура там, канешне, таксама будзе развівацца. Але ўсё павінна быць карэктна. Да нас было вельмі шмат пытанняў, чаму тэрыторыя каля Мірскага замка вымашчана сучаснай пліткай. Ды таму, што не існуе ніякіх звестак, якая там была плітка. Можа, яе наогул не было? Таму кіраваліся меркаваннямі зручнасці для наведвальнікаў.

Тое, што турыст на тэрыторыі сядзіб і замкаў не можа купіць сувенір ці выпіць кавы — гэта, канешне, пытанне да мясцовых улад. Яны павінны гэта разумець. Замкі, сядзібы — па сутнасці, крыніца іх даходу, паколькі гэта аб’екты камунальнай уласнасці. Думаю, якраз у Год прадпрымальнасці ёсць нагода аб гэтым сур’ёзна задумацца.

Валянцін Мазец:

— І ў гэтым плане вялікі эфект можа мець ваш праект “Сем цудаў Беларусі”. Я прагартаў увесь сайт газеты ад пачатку да канца, пачытаў каментарыі наведвальнікаў і ўбачыў, што дзякуючы праекту актывізавалася цікавасць людзей на месцах да свайго краю. Думаю, можна  было б нават стварыць на базе праекта курсы па мясцовым краязнаўстве ў кожным раёне. Гэта па-першае. Па-другое, дзякуючы выяўленым журналістамі невядомым раней матэрыяльным і нематэрыяльным аб’ектам можна распрацоўваць новыя турыстычныя маршруты, асабліва ў глыбінцы.

Гэта, у сваю чаргу, дасць рэгіёнам дадатковы даход, што, безумоўна, стане імпульсам для мясцовых улад стварыць на месцах годную інфраструктуру. Бо пакуль ляжыць усё мёртвым грузам, ніхто не хоча варушыцца. А там, глядзіш, і інвестары падцягнуцца. А “Сем цудаў Беларусі” — гэта, думаю, толькі анонс распачатай вялікай краязнаўчай працы журналістаў “Народнай газеты”.
__________________
Думкі, выказаныя ўдзельнікамі гэтай шчырай размовы, цікавыя, неадназначныя, падштурхоўваюць да пярэчанняў, разважанняў, высноў. Па сутнасці, гэта толькі пачатак зацікаўленай дыскусіі, самымі актыўнымі ўдзельнікамі якой, мы на гэта вельмі разлічваем, станеце вы, нашы шаноўныя чытачы. Чакаем вашых водгукаў, меркаванняў, пытанняў.


І, канешне, заходзьце на сайт www.ng.by і стаўце свае адзнакі ўпадабаным аб’ектам. Галасаванне ў абласным этапе працягнецца яшчэ месяц — да  мая.


Дарэчы, падчас круглага стала нарадзілася ідэя, як зрабіць гэта галасаванне яшчэ больш цікавым і разнастайным. Пра гэта падрабязна — у наступным выпуску праекта “Сем цудаў Беларусі”. Сачыце за сваёй “Народнай газетай”!

Алена Ляўковіч і Людміла Мінкевіч,
Народная Газета
2 красавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/335/5649
Текущая дата: 05.11.2024