Белорусский портал в Казахстане

Беларускія спартоўцы выступяць на чэмпіянаце Еўропы па самба ў Ізраілі



Ізраільскі горад Хайфа прымае чэмпіянат Еўропы і моладзевае першынство кантынента па самба.

На спаборніцтвах выступяць прадстаўнікі 24 краін, спартсмены з Беларусі, Расіі і Францыі ў адпаведнасці з рашэннем Выканкама Міжнароднай федэрацыі самба (FIAS) прымуць удзел у турніры пад сцягам FIAS. За званне чэмпіёнаў Еўропы пазмагаюцца не толькі мужчыны і жанчыны, але і кадэты (атлеты да 16 гадоў), юнакі і дзяўчаты (да 18 гадоў), а таксама юніёры і юніёркі (да 20 гадоў). У спартыўным самба медалі будуць разыграны ў 14 вагавых катэгорыях (па 7 у мужчын і жанчын), акрамя таго, сем фіналаў адбудзецца ў мужчынскім баявым самба, а таксама ўпершыню на чэмпіянатах Еўропы пройдзе турнір па баявым самба сярод жанчын.

У склад нацыянальнай каманды Беларусі на першынство Старога Свету ўвайшлі 20 спартсменаў. У мужчынскіх спаборніцтвах прымуць удзел Павел Гладкіх, Ілья Ламіваротаў, Сяргей Лясяк, Уладзіслаў Бурдзь, Уладзіслаў Саяпін, Аляксандр Круглік і Ілья Жупікаў. У жаночыя турніры заяўлены Анфіса Капаева, Яна Бяганская, Анжэла Жылінская, Валерыя Хрушчова, Алена Купава, Даніэла Ждан і Карына Шут. У баявым самба выступяць Васіль Астапец, Яўген Алексіевіч, Валянцін Наталевіч, Яўген Міхно, Эдуард Куцко і Раман Даміеў. Акрамя таго, у юніёрскіх спаборніцтвах нашу краіну прадставяць 14 атлетаў, у юнацкіх — 16, у кадэцкіх — 17.

Кантынентальны форум у Ізраілі з’яўляецца адборачным турнірам для ўдзелу самбістаў у Сусветных гульнях баявых мастацтваў, якія пройдуць у кастрычніку ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія). На папярэднім чэмпіянаце і моладзевым першынстве Еўропы па самба, які прайшоў у сербскім Нові-Садзе ў верасні 2022 года, беларускія спартсмены заваявалі 30 медалёў — 1 залаты, 15 срэбных і 14 бронзавых.

Звязда, 19 красавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/38/69133
Текущая дата: 26.12.2024