Белорусский портал в Казахстане

Беларуска Марыя Шканава падоўжыла пераможную серыю на Кубку Расіі па гарналыжным спорце



У горадзе Кусе Чэлябінскай вобласці завяршыўся пяты этап Кубка Расіі па гарналыжным спорце з удзелам беларускіх спартсменаў.

Праграму этапу ў Кусе закрывалі спаборніцтвы ў слаламе сярод мужчын і жанчын. Другі дзень запар мацнейшай сярод дзяўчат з’яўляецца наша Марыя Шканава. Але калі напярэдадні па суме дзвюх трас беларуска апярэдзіла саперніц усяго на шэсць дзясятых секунды, то сёння перавага Шканавай над Віталінай Гірынай з Расіі склала амаль 2,5 сек. Масквічка Кацярына Ткачэнка, якая стала трэцяй, прайграла Марыі 3,5 сек.

Гэта перамога стала для мацнейшай гарналыжніцы Беларусі ўжо пятай у шасці класічных слаламах бягучага сезона Кубка Расіі. Акрамя таго, у актыве Шканавай адно срэбра ў гэтай дысцыпліне і адна бронза па выніках паралельнага слалама. З Чэлябінскай вобласці спартсмены адпраўляюцца на этап у Маскву, 24 снежня на Вараб’ёвых гарах адбудуцца чарговыя спаборніцтвы ў паралельным слаламе.

Звязда, 21 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/41/67563
Текущая дата: 06.11.2024