Белорусский портал в Казахстане

Турыстычны форум «Спадчына Беларусі» да Года гістарычнай памяці стартуе 28 красавіка ў Мінску



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Федэрацыя прафсаюзаў арганізуе маштабны турыстычны форум «Спадчына Беларусі», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Мерапрыемства пройдзе 28-30 красавіка ў Палацы культуры прафсаюзаў.

«На адной пляцоўцы мы пастараліся сабраць шматвяковую гісторыю, традыцыі і сучаснасць нашай краіны — усё тое, чым ганарацца і чым даражаць беларусы. Такі форум праводзіцца ўпершыню. І невыпадкова ён праходзіць менавіта ў Год гістарычнай памяці. Паколькі падарожжы па роднай краіне — гэта неад’емная частка вывучэння, а таксама захавання гісторыі, — адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў. — Акрамя таго, прафсаюзы таксама распрацавалі яшчэ 50 новых унікальных маршрутаў па мясцінах гістарычнай памяці ў розных рэгіёнах краіны. Азнаёміцца з імі таксама можна будзе на пляцоўках Палаца культуры прафсаюзаў».

На форуме будзе прадстаўлены экскурсійна-турыстычны патэнцыял усіх рэгіёнаў Беларусі. Пры гэтым кожная вобласць прэзентуе не толькі разнастайныя турыстычныя маршруты, але і знакавыя гістарычныя артэфакты. Факсімільная копія Берасцейскай бібліі XVI стагоддзя, абраз Божай Маці «Каложская» са старажытнага дзеючага храма Беларусі, пячаць і копія крыжа Ефрасінні Полацкай, друкарскі станок Францыска Скарыны, шматтомнае факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» — усё гэта і многае іншае можна будзе ўбачыць на форуме. Акрамя таго, пройдуць і шматлікія майстар-класы па народных рамёствах і промыслах, будуць прадэманстраваны каляндарныя абрады. А кулінарныя традыцыі ў літаральным сэнсе можна будзе пакаштаваць: частаваць гасцей будуць як стравамі па старадаўніх рэцэптах, так і навінкамі, якія сёння вырабляюць прадпрыемствы рэгіёнаў.

Што датычыцца непасрэдна падарожжаў па роднай краіне, то тут будуць прадстаўлены абсалютна ўсе напрамкі. Так, на форуме будуць прэзентаваны сотні турыстычных маршрутаў ваенна-патрыятычнай, гістарычнай накіраванасці ва ўсіх рэгіёнах. Дзясяткі экскурсій прысвечаны прыродным багаццям краіны. Яшчэ адзін важны напрамак — вытворчы турызм. Гасцям форуму раскажуць, дзе можна даведацца аб сакрэтах прыгатавання шакаладу, цукерак і пячэння, паглядзець, як ствараецца магутная тэхніка і як вырошчваюць смаўжоў, пакаштаваць лепшыя беларускія прадукты і нават самастойна вырабіць імянны кубак.

Прафсаюзным турыстычным аператарам «Беларустурыст» падрыхтаваны каталог турыстычных маршрутаў па нашай краіне па ўсіх напрамках. Гэта ўнікальная распрацоўка, з дапамогай якой кожны можа пабудаваць свой унікальны маршрут і круглы год падарожнічаць па роднай краіне, бясконца адкрываючы для сябе новыя старонкі гісторыі і таямніцы спадчыны Беларусі.

Звязда, 27 красавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/55/64753
Текущая дата: 26.12.2024