Алімпійскі чэмпіён Токіа беларус Іван Літвіновіч стаў пераможцам першага ў новым сезоне этапу Кубка свету ў скачках на батуце, які праходзіць у Баку.
Сёння ў фінале 21-гадовы ўраджэнец Вілейкі выйграў з вынікам 61,850 бала. Услед за Іванам Літвіновічам на другой выніковай пазіцыі размясціўся яшчэ адзін беларускі батутыст Андрэй Буйлоў (60,800 бала), трэцяе месца заняў прадстаўнік Казахстана Даніл Мусабаеў (58,890). У сінхронных скачках Літвіновіч і Буйлоў таксама сталі чэмпіёнамі (52,810), на другім месцы расейцы (50,820), бронза дасталася партугальцам (49,960).
У жаночых індывідуальных спаборніцтвах беларуская спартоўка Кацярына Яршова заняла 4-е месца (50,870), у Віялеты Бардзілоўскай сёмая выніковая пазіцыя. Чэмпіёнкай стала расіянка Ірына Кундзіус (53,900), срэбра ў азербайджанскай спартсменкі Сельджан Магсудавай (52,780), бронзавы медаль заваявала Італьянка Джорджыя Джамп’еры (51,820). У жаночых сінхронных скачках беларускі Кацярына Яршова і Вікторыя Куйдан таксама спыніліся за крок ад п’едэстала гонару. Пераможцамі сталі турэцкія спартсменкі, на другой пазіцыі батутысткі Швецыі, трэцяе месца ў расіянак.
У першым кубкавым этапе ў азербайджанскай сталіцы прынялі ўдзел больш за 60 спартсменаў з 14 краін.
Звязда, 13 лютага 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/57/63438
Текущая дата: 07.11.2024